— Ці верыце вы, што ў кожным чалавеку ёсьць штосьці добрае?
— Думаю, штосьці добрае кожнаму даецца ад нараджэньня. Важна гэтае штосьці разгледзець і разьвіваць з маленства. Ад гэтага залежыць, што ў выніку адзін вырастае з сэрцам, а другі з помпай у грудзях. І ўсё было б ня так трагічна, калі б чалавек з помпай не атрымліваў аблудным чынам уладу або зброю ў рукі. Тады ён робіцца падобным да монстра або зомбі.
Беларусы сёньня праходзяць гістарычнае выпрабаваньне выпадковай уладай і пачынаюць разумець, наколькі важна, хто імі кіруе, як шмат залежыць ад кожнага грамадзяніна і што выбары павінны быць сумленнымі.
— Дэмакратычныя сілы разважаюць пра гуманнасьць, якой часам не бывае месца падчас вайны, нехта загіне. Ці няма тут супярэчнасьці?
— Калі б беларускае грамадзтва, якое ў цэлым не падтрымлівае вайну, і яго прадстаўнікі думалі такім чынам, яны б прыпадобніліся да расейскага грамадзтва, якое збольшага прымае вайну як дадзенасьць, дзе «нехта загіне». Беларусы разумеюць, што гэта ніякая ня дадзенасьць, а асьляпленьне, тое, што адбываецца, калі не «разважаюць пра гуманнасьць», таму каштоўнасьць чалавечага жыцьця і не бярэцца пад увагу. З гледзішча здаровага сэнсу, гэта адсутнасьць навыку бачыць у іншым сябе.
— Думаю над прысудам за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Што гэта значыць?
— Гэта эмацыйная інтэрпрэтацыя адказных за рэпрэсіі, а ня факт злачынства ці спрыяньня злачынству, якія можна аб’ектыўна даказаць ці абвергнуць. Звычайны суд разглядае зразумелыя злачынствы — забойства, крадзеж, абразу — тое, што даказваецца фактамі і што вычарпальна апісанае ў кодэксах. Але сярод такіх злачынстваў экстрэмізму няма, бо няма яго апісаньня. Тым часам сотні людзей пасаджаныя «за гэта» ў турму. Выходзіць, яны пакараныя толькі за тое, што яны самі такія ёсьць.
— Чаму расейская апазыцыя ня ставіць задачу вызваленьня паняволеных народаў?
— Калі выкладчык удмурцкай мовы ўчыняе самаспаленьне, а буратаў гоняць ва Ўкраіну на забой, Юлія Навальная кажа: «Трэба, нібыта, разьдзяліць нашу занадта вялікую краіну на пару дзясяткаў маленькіх і бясьпечных дзяржаваў. Праўда, растлумачыць, чаму людзі з агульным бэкграўндам і культурным кантэкстам павінны быць штучна разьдзеленыя, „дэкалянізатары“ ня могуць. І як гэта ўвогуле павінна адбыцца — не паведамляюць». Але як гэта зрабіць — і ёсьць клопат расейскай апазыцыі. Бо «агульны бэкграўнд і культурны кантэкст» — фальшывы імпэрскі погляд.
— Усё больш эўрапейцаў адмаўляюцца ад рэлігіі. Навошта беларусам імкнуцца ў бездухоўную Эўропу?
— Гледзячы што разумець пад духоўнасьцю. У Эўропе — найлепшыя ўмовы для жыцьця. Іх адрозьнівае вяршэнства закону — у тым ліку маральнага, што ў канкрэтным выражэньні ёсьць чалавечнасьцю. Рэлігія тут займае сваё, але не найпершае месца, таму яна не крывадушная. Там жа, дзе яна кіруе жыцьцём, людзі часта становяцца закладнікамі пекла. Да прыкладу, у Расеі, якая называе сябе духоўнай краінай, а пры тым адмаўляе ўсе сьмяротныя грахі як такія. Дзіва што чалавек імкнецца ў Эўропу, а не наадварот.
— Калі праграміст піша коды, якія будуць працаваць на перасьлед ягоных суграмадзян (а інакш ён у Беларусі ня зможа пракарміць сям’ю), ён, па-вашаму, калябарант?
— Думаю, гэта адбітак скажонага ўяўленьня пра мінулую вайну і акупацыю. Быццам усе, хто жыў пад немцамі, так ці інакш вінаватыя ў злачынствах. Але пад немцамі жылі ўсе беларусы, хто не эвакуяваўся. Уся нацыя. Умоўна кажучы, «пісалі коды» (працавалі на заводах, пяклі хлеб, лячылі хворых). Ад таго, што была акупацыя, людзі не рабіліся злачынцамі, бо не рабілі зла. А «коды», рэчы «падвойнага прызначэньня» ёсьць у кожным доме. Напрыклад, нож.
— Чаму ў Беларусі няма Дня ўдзячнасьці?
— На жаль, няма. У Паўночнай Амэрыцы першапачаткова гэта было нешта накшталт нашых Дажынак, але з часам сэнс паглыбіўся. Увогуле адчуваньне ўдзячнасьці фармуецца (або не фармуецца) ў чалавеку ў раньнія гады, усё залежыць ад выхаваньня. Усеагульнае сьвята ўдзячнасьці спрыяе зьмякчэньню нораваў. Але пры дыктатуры такіх сьвятаў не бывае, бо ўлада апынаецца ў руках тых, хто акурат ня ведае, што гэта такое, і запаноўвае атмасфэра безэмацыйнасьці. Пасьля Лукашэнкі беларусам трэба будзе ўвесьці такое сьвята — як разгавеньне душы пасьля дыктатуры.
— Хто такая Вольга Бондарава і чаму яна адмяняе Гэлаўін і канцэрты?
— У перакуленым сьвеце, калі ня дзейнічаюць законы і адмененыя грахі, пагрозай і небясьпекай выстаўляюцца канцэрты, карнавалы ці кнігі і цацкі, якія нікога не забілі, не абакралі, нікому ня схлусілі, нікога не абразілі. То бок, бяскрыўднае выдаецца за самую страшную крыўду, а самая страшная крыўда (забойствы мірных жыхароў ва Ўкраіне) падаецца ледзьве не як норма. Так было заўсёды пры бесчалавечных рэжымах. Трэба вярнуць вяршэнства закону, тады й ня будзе ніякіх бондаравых.
— У Беларусі катастрафічна падае нараджальнасьць. Як гэта спыніць?
— Думаю, трэба на рэальных выбарах абраць ва ўладу прыстойных і кампэтэнтных людзей. Сытуацыя ў краіне павінна быць прадказальнай і спрыяльнай для чалавека. Тое, што сёньня ўлада агрэсіўна змагаецца з чайлдфры ці ЛГБТ — шлях у супрацьлеглы бок, бо гэта ніяк не прычына, а толькі жупел. Прычына ў надзвычай непрадказальнай і бесчалавечнай уладзе. Як можна плянаваць вялікую сям’ю, калі шматдзетныя маці безь віны сядзяць у турмах ці ўцякаюць ад турмы за мяжу.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669
Форум