Рэгулярныя рэйсы па маршруце Менск — Урумчы пачнуцца 16 сьнежня, паведамілі ў авіякампаніі.
Вылеты зь Менску будуць па панядзелках у 11:10, а прыбыцьцё ва Ўрумчы — у 22:10 па мясцовым часе. Дарога зойме 6 гадзін.
Зваротныя рэйсы з Урумчы будуць таксама па панядзелках у 23:20, а прыбыцьцё ў Менск — у 1:00 наступнага дня. Працягласьць пералёту — 6 гадзін 40 хвілін.
Білет у адзін бок абыдзецца ад €222, а ў абодва — ад €341.
Насельніцтва Ўрумчы складае звыш 4,5 млн чалавек. Гэта сталіца Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага рэгіёну. Тут Кітай праводзіць палітыку перасяленьня, ствараючы большасьць ханьскага насельніцтва. Раней большасьцю былі уйгуры — цюрскі народ, які вызнае іслам. Але праз дыскрымінацыйныя захады становішча уйгураў пагаршаецца, адзначаюць міжнародныя арганізацыі. Цяпер іхная доля ў рэгіёне ніжэйшая за 13%.
Для уйгураў існуюць адмысловыя «лягеры перавыхаваньня». Кітай неаднаразова абвінавачвалі ў палітычным перасьледзе паводле нацыянальнай прыкметы.
Лягеры ў Сіньцьзяне
У 2014 годзе Камуністычная партыя Кітаю стварыла сетку «лягераў перавыхаваньня» ў аўтаномным раёне Сіньцьзян. Па сутнасьці гэта этнічны ГУЛАГ.
У красавіку 2018 году спадарожнік, які праляцеў над пустынямі на захадзе Кітаю, зафіксаваў комплекс пабудоваў, які строга ахоўваецца. У сьнежні таго ж году Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет выступіла з прапановай накіраваць у раён Сіньцьзян назіральнікаў, бо была атрыманая інфармацыя, што ў лягерах незаконна трымаюць да 1 мільёна ўйгураў.
Да канца 2018 году кітайскія ўлады адмаўлялі, што гэткія ўстановы існуюць на тэрыторыі краіны. У канцы 2018 году яны паведамілі, што ў раёне Сіньцьзян працуюць «цэнтры адукацыі і прафэсійнай падрыхтоўкі».
Урад КНР заявіў, што ў такія цэнтры трапляюць людзі, якія падпалі пад уплыў тэрарыстаў і экстрэмістаў, і што ва ўстановах іх вучаць кітайскай мове, асновам пісьма, камунікацыйным навыкам і асновам заканадаўства КНР.
Форум