Даты дня
Дзяды — старадаўняя народна-рэлігійная традыцыя памінаньня продкаў. У гэты дзень наведваюць магілы продкаў і памінаюць іх за сямейным сталом.
Паводле каталіцкага календара 1 лістапада — Дзень усіх сьвятых, 2 лістапада — Дзень задушны. Праваслаўныя вернікі адзначаюць Зьмітраўскую памінальную суботу ў першую суботу перад 8 лістапада.
У першай палове 1990-х у Беларусі Дзяды былі афіцыйным выходным днём і адзначаліся 2 лістапада.
Гэты дзень у гісторыі
1648 — упершыню ў Рэчы Паспалітай быў учынены габрэйскі пагром. Здарылася гэта на ўкраінскіх землях, а загадаў зрабіць пагром Багдан Хмяльніцкі. Ягоны загад абярнуўся сапраўднай трагедыяй. За адзін дзень казакі забілі больш як 12 тысяч габрэяў.
1721 — Расею аб’явілі імпэрыяй, а Пятра І імпэратарам.
1769 — упала вежа Віленскай катэдры, загінулі 6 ксяндзоў.
1939 — на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету СССР у Маскве быў прыняты закон аб улучэньні Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюзу і ўваходжаньні яе ў Беларускую ССР.
1967 — у Менску быў адкрыты Дзяржаўны музэй Беларусі. На сёньня гэта найбуйнейшая беларуская скарбніца духоўных і матэрыяльных здабыткаў культуры, яе цяперашняя назва — Нацыянальны музэй гісторыі і культуры Беларусі.
2002 — ва ўрочышчы Курапаты ўсталяваны крыж-капліца з абразом Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных аўтарства Аляксея Марачкіна.
2020 — у Менску на марш пратэсту пэнсіянэраў выйшла больш за тысячу чалавек.
У гэты дзень нарадзіліся
1836 — Міхал Андрыёлі, беларускі мастак і ўдзельнік паўстаньня Каліноўскага.
1842 — Фэлікс Зянковіч, навуковец-прыродазнаўца, удзельнік паўстаньня Каліноўскага.
1845 — Леанард Іваноўскі, гаспадарчы дзяяч, бацька выбітных дзеячоў розных нацыяў: беларусаў Вацлава і Алены, палякаў Ежы і Станіслава, літоўца Тадаса.
1869 — Ёсіф Стаброўскі, археоляг, краязнаўца, філёзаф, вынаходнік. Заснавальнік аднаго з найстарэйшых у Беларусі Слонімскага краязнаўчага музэю.
1902 — Станіслаў Грынкевіч, беларускі грамадзкі і палітычны дзяяч.
1906 — Зьміцер Бяляцкі, беларускі мэдык і навуковец, дзяржаўны дзяяч.
1909 — Максім Лужанін, беларускі паэт, перакладчык, які быў сакратаром Якуба Коласа і напісаў кнігу «Колас расказвае пра сябе».
1913 — Мікалай Сірата, беларускі фізык, акадэмік.
1930 — Алесь Баршчэўскі-Барскі, паэт і дзеяч беларускай супольнасьці ў Польшчы.
1960 — Алесь Наварыч, пісьменьнік.
1972 — Руслан Салей, беларускі хакеіст.
У памяці
1903 — Адам Плуг, беларускі пісьменьнік і журналіст.
1959 — Аляксандар Орса, беларускі пэдагог, грамадзкі і палітычны дзяяч, міністар асьветы ва Ўрадзе БНР на эміграцыі, адзін з заснавальнікаў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.
2007 — Аўгіньня Кавалюк, паэтка, беларуская актывістка ў Санкт-Пецярбургу.
2007 — Уладзімер Кулажанка, вучоны эканаміст, палітык і журналіст.
2021 — Вальмен Аладаў, менскі архітэктар, аўтар ансамблю дамоў на скрыжаваньні пр. Незалежнасьці і вул. Казлова, Камароўскага рынку і інш.