Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусіфікацыя Грузіі». Шэраг заходніх палітыкаў заклікалі Эўразьвяз не прызнаваць вынікаў выбараў у Грузіі


Ілюстрацыйнае фота. Падчас галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Грузіі
Ілюстрацыйнае фота. Падчас галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Грузіі

Палітыкі шэрагу заходніх краін заклікалі Эўразьвяз не прызнаваць вынікаў парлямэнцкіх выбараў у Грузіі, паведамляе Deutsche Welle.

З адпаведнай сумеснай заявай выступілі кіраўнікі парлямэнцкіх камітэтаў у замежных справах зь Нямеччыны, Літвы, Латвіі, Украіны і Канады, а таксама экспэрты ў міжнароднай палітыцы з Польшчы, Італіі і Швэцыі.

На іх думку, выбары ў Грузіі не былі «ні свабоднымі, ні сумленнымі», падчас электаральнай кампаніі і ў дзень галасаваньня зафіксаваныя «выпадкі запалохваньня кандыдатаў, злоўжываньні ўладай і подкупу выбарнікаў».

«Мы вельмі занепакоеныя „беларусіфікацыяй“ краіны, — адзначыў кіраўнік камітэту у замежных справах Бундэстагу Міхаэль Рот. — Калі кіроўная партыя [„Грузінская мара“ — рэд.] пацьвердзіць сваю рыторыку дзеяньнямі, дык апазыцыі, незалежным СМІ і крытычна настроеным няўрадавым арганізацыям у Грузіі пагражаюць перасьледы і забароны. Эўразьвяз павінен даць зразумець кіроўнай партыі, што ён гэтага ня прыме, і ў такім выпадку рушыць усьлед поўны разрыў адносінаў».

На думку Міхаэля Рота, «Грузінская мара» правяла «хлусьлівую» перадвыбарную кампанію, згуляўшы на страху выбарнікаў перад «партыяй глябальнай вайны» (так прадстаўнікі «Грузінскай мары» называюць нейкі ценявы сусьветны ўрад, які нібыта кіруе ўсімі палітычнымі працэсамі на плянэце — рэд.).

«Насамрэч ёсьць толькі адна „партыя глябальнай вайны“ — і гэта Расея», — падкрэсьліў нямецкі парлямэнтар.

Аўтары заявы таксама заклікалі Эўразьвяз увесьці пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да асобаў, адказных «за несумленны ўплыў на выбары, запалохваньне і пагрозы ў адрас апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці».

Пры гэтым у звароце падкрэсьліваецца, што нельга «кідаць на волю лёсу праэўрапейскую частку грузінскага грамадзтва» і, у прыватнасьці, ня трэба «спыняць лібэралізацыю візавага рэжыму з Грузіяй».

  • Парлямэнцкія выбары ў Грузіі прайшлі 26 кастрычніка. Паводле зьвестак ЦВК, кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара» атрымала 53,92% галасоў, чатыры кааліцыі празаходніх апазыцыйных партыяў, якія пераадолелі бар’ер у 5%, набралі сумарна 37,77%.
  • Апазыцыя заявіла пра непрызнаньне вынікаў галасаваньня.
  • Незалежныя назіральнікі на выбарах паведамілі пра масавыя парушэньні заканадаўства ў працэсе галасаваньня: ціск на выбарнікаў, запалохваньне, факты фізычнага гвалту, ужываньне адміністрацыйнага рэсурсу і інш.
  • Грузія мае статус кандыдата ў Эўразьвяз, аднак пасьля прыняцьця ў краіне так званы закон аб «іншаземных агентах» Эўразьвяз прыпыніў працэс інтэграцыі Грузіі і фінансавую дапамогу ўраду.
  • Грузія стала адной з краін, куды выяжджаюць беларусы, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG