Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі на парлямэнцкіх выбарах перамагла кіроўная «Грузінская мара». Апазыцыя і прэзыдэнтка не прызналі вынікі

абноўлена

Заснавальнік партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі (зьлева) і яе прадстаўнікі ў штаб-кватэры партыі «Грузінская мара» ў Тбілісі, Грузія, 26 кастрычніка 2024 году
Заснавальнік партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі (зьлева) і яе прадстаўнікі ў штаб-кватэры партыі «Грузінская мара» ў Тбілісі, Грузія, 26 кастрычніка 2024 году

У Грузіі на парлямэнцкіх выбарах пасьля падліку зьвестак 3110 з 3111 участкаў (99.968% ад агульнай колькасьці) перамагае кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара» – яна набрала 53,92% галасоў.

Паводле абноўленых, папярэдніх вынікаў ЦВК Грузіі, пасьля падліку бюлетэняў выбарнікаў на 3110 участках (99.968% ад агульнай колькасьці) на парлямэнцкіх выбарах «Грузінская мара — Дэмакратычная Грузія» атрымала 53,92% галасоў (1 118 836 галасоў).

Паводле папярэдніх вынікаў, толькі чатыры апазыцыйныя партыі пераадолелі бар’ер у 5% галасоў, каб атрымаць месцы ў парлямэнце:

  • «Кааліцыя за перамены» — 11,037%,
  • «Адзінства — Нацыянальны рух» — 10,164%,
  • «Моцная Грузія» — 8,814%,
  • «Гахарыя за Грузію» — 7,771%.

Паводле папярэдніх зьвестак ЦВК, на 67 выбарчых участках, адкрытых за мяжой, найбольш галасоў —33,322% (11 406 галасоў) выбарнікі аддалі «Кааліцыі за перамены». За ёй ідуць «Адзінства — Нацыянальны рух» — 19,936%, «Грузінская мара» — 13,327%, «Моцная Грузія» — 14,923%, «Гахарыя за Грузію» — 9,024% галасоў.

Агулам за мяжой выбарчыя ўчасткі працавалі ў 53 гарадах 42 краінаў сьвету.

Паводле зьвестак ЦВК, яўка выбарнікаў склала 58,9%, агулам прагаласавалі 2 060 412 грамадзян Грузіі.

Апазыцыя і прэзыдэнтка Грузіі не прызналі вынікі выбараў

Апазыцыйныя партыі, якія пераадолі парог у 5% галасоў, адмовіліся прызнаваць вынікі выбараў.

«Выбары скрадзеныя. Гэта канстытуцыйны пераварот, „Мара“ зьяўляецца аўтарам канстытуцыйнага перавароту і будзе прыцягнутая да адказнасьці ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам Грузіі», — пракамэнтаваў першыя зьвесткі грузінскага ЦВК адзін зь лідэраў «Кааліцыі за перамены» Ніка Гвармія.

Пазьней Нана Малашхія, якая ўзначальвала выбарчы сьпіс аб’яднаньня заявіла, што апазыцыйная «Кааліцыя за перамены» адмаўляецца ад парлямэнцкіх мандатаў: «Мы ўсе разам заяўляем, што гэтыя выбары з’яўляюцца сфальсіфікаванымі, а вынікі — нелегітымнымі. Мы не збіраемся легітымізаваць скрадзеныя галасы ў грузінскага народа, мы адмаўляемся ад нашых дэпутацкіх мандатаў», сказала яна.

Гэтага ж меркаваньня прытрымліваецца кааліцыя «Адзінства — Нацыянальны рух», якая таксама не прызнала вынікі выбараў. Адна зь лідэраў аб’яднаньня Ціна Бакучава заявіла, што пазыцыя кааліцыі аб непрызнаньні вынікаў выбараў аўтаматычна мае на ўвазе, што яны не зьбіраюцца праходзіць у парлямэнт.

Партыя «Моцная Грузія» таксама не прызнала папярэднія вынікі галасаваньня. «Мы абураныя тым, што адважылася напісаць ЦВК. Вынікі не адлюстроўваюць волю грузінскага народа», — заявілі ў партыі.

У партыі Гахарыя «За Грузію» заявілі, што парушэньні ў дзень выбараў паўплывалі на афіцыйныя зьвесткі, але пакуль не аб’яўлялі аб непрызнаньні вынікаў.

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі, крытычна настроеная да «Грузінскай мары», таксама заявіла, што не прызнае вынікі выбараў, якіх яна лічыць татальна сфальсыфікаванымі. Зурабішвілі заявіла, што Грузія стала ахвярай «расейскай спэцапэрацыі», і заклікала грузінскі народ змагацца за свой голас.

Назіральнікі адзначаюць парушэньні

Пра непрызнаньне вынікаў выбараў заявілі і аўтарытэтныя няўрадавыя арганізацыі, якія назіралі за выбарамі.

Кіраўнік назіральніцкай місіі ENEMO (НВА «Эўрапейская сетка арганізацый па назіраньні за выбарамі») Златка Вуйвовіч заявіў, што парлямэнцкія выбары 2024 году ў Грузіі прайшлі ў «палярызаванай і абмежавальнай абстаноўцы, што падрывае інклюзіўнасьць, празрыстасьць і справядлівасьць».

Ён адзначыў сур’ёзныя парушэньні, у тым ліку гвалт у дачыненьні да прадстаўнікоў апазыцыі, запалохваньне выбарнікаў, кампаніі па дыскрэдытацыі назіральнікаў і шырока распаўсюджанае злоўжываньне адміністрацыйнымі рэсурсамі. У цэлым, паводле яго, выбарчая адміністрацыя правяла працэс прафэсійна і эфэктыўна, але 88 прадстаўнікоў ENEMO, якія назіралі за выбарамі ў Грузіі, выказалі занепакоенасьць наконт незалежнасьці і бесстароннасьці ЦВК.

Паводле кіраўніка назіральніцкай місіі ENEMO, парлямэнцкія выбары ў Грузіі прайшлі ў вельмі палярызаваным палітычным кантэксьце, узмоцненым рознагалосьсямі наконт заканадаўства — асабліва ў сувязі з прыняцьцем так званага закона аб «іншаземных агентах», які прывёў да масавых пратэстаў супраць ураду.

Падрабязьней пра высновы міжнародных і грузінскіх назіральнікаў чытайце па спасылцы:

Першае паседжаньне парлямэнта Грузіі пройдзе ў звычайным рэжыме і ўрад будзе зацьверджаны, нягледзячы на адмову апазыцыі прызнаваць вынікі галасаваньня, заявіў прэм'ер-міністар краіны Іраклій Кабахідзэ. Камэнтуючы заявы апанэнтаў аб «скрадзеных выбарах», Кабахідзэ заявіў, што ў іх проста «не хапіла годнасьці зьмірыцца з чарговай паразай».

Атрымаўшы большасьць месцаў у новым парлямэнце, «Грузінская мара» цяпер зможа выбраць новага прэзыдэнта. Выбары пройдуць цягам 45 дзён пасьля першага пасяджэньня новаабранага парлямэнту.

Кіраўніка дзяржавы ўпершыню будуць выбіраць не грамадзяне, а члены выбарчай калегіі — дэпутаты парлямэнту, вышэйшых прадстаўнічых органаў Абхазскай і Аджарскай аўтаномных рэспублік, а таксама члены прадстаўнічых органаў мясцовага самакіраваньня. Пры гэтым адхіліць ад пасады дзейную прэзыдэнтку Саламэ Зурабішвілі праз працэдуру імпічмэнту «Грузінская мара» ня зможа, бо для гэтага патрэбна 100 галасоў у парлямэнце.

Пасьля закрыцьця выбарчых участкаў на парлямэнцкіх выбарах у Грузіі праўрадавая тэлекампанія «Імэдзі» і апазыцыйныя каналы «Формула» і «Мтавары» абвясьцілі вынікі экзытполаў. «Грузінская мара» прайграе выбары —паводле «Формулы» і «Мтавары», праўладнае апытаньне «Імэдзі» паказала яе перамогу.

Парлямэнцкія выбары ў Грузіі суправаджаліся фальсыфікацыямі, сутычкамі і нападамі на журналістаў. «Грузінская мара» пачала сьвяткаваць сваю перамогу загадзя, да будынка адміністрацыі ўраду былі сьцягнутыя сілавікі.

Грамадзяне Грузіі абіралі 150 дэпутатаў у парлямэнт паводле прапарцыянальнай сыстэмы — працэнт галасоў, атрыманы той ці іншай партыяй, адпавядае колькасьці месцаў у парлямэнце. Партыі або кааліцыі мусілі набраць ня менш за 5 працэнтаў, каб трапіць у парлямэнт. Гэта падштурхнула шматлікія апазыцыйныя партыі да супрацоўніцтва, каб мець шанцы на пераадоленьне парогу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG