Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нязломнасьць Калесьнікавай стала для Лукашэнкі псыхалягічнай праблемай, — палітоляг Рудкоўскі


Марыя Калеснікава, абвінавачаная ў змове з мэтай захопу ўлады і пагрозе нацыянальнай бясьпецы, на судовым паседжанні ў Менску, 4 жніўня 2021 году
Марыя Калеснікава, абвінавачаная ў змове з мэтай захопу ўлады і пагрозе нацыянальнай бясьпецы, на судовым паседжанні ў Менску, 4 жніўня 2021 году

Навошта Лукашэнку спатрэбілася выказацца цяпер у інтэрвію ВВС? Чаму ён так доўга не пацьвярджаў, што пойдзе на выбары 2025 году? Якіх зьменаў у беларускай палітыцы можна чакаць пасьля 26 студзеня 2025 году?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае доктар філязофіі, палітоляг Пётра Рудкоўскі.

— Навошта Лукашэнку спатрэбілася выказацца зараз у інтэрвію ВВС? Папярэдняе інтэрвію таму ж журналісту ён даваў у 2021 годзе.

— Тое, што агенцыя БелТА першай апублікавала ягонае інтэрвію, ёсьць адказам на пытаньне. Перадусім гэта форма легітымізацыі, як ва ўнутраным, так і міжнародным вымярэньні.

— Якія асноўныя моманты вы б вызначылі ў гэтым інтэрвію?

— У адрозьненьне ад папярэдняга, якое ён даў ВВС у сьнежні 2021 году, калі момантамі ён як бы «выходзіў зь сябе», гэтае было крыху больш ураўнаважаным з боку аўтакрата.

Пётра Рудкоўскі. Архіўнае фота
Пётра Рудкоўскі. Архіўнае фота

У пляне акцэнтаў: Лукашэнка зараз больш адназначна выказваў падтрымку Расеі і выкрываў нібыта варожыя намеры Ўкраіны ў дачыненьні да Беларусі. Пры гэтым, аднак, ён акцэнтуе незалежнасьць у адстойваньні інтарэсаў «беларускага народу» і гатоўнасьць да ўзнаўленьня добрых адносінаў з Украінай.

— Заява пра гатоўнасьць разгледзець прашэньне аб памілаваньні ад Калесьнікавай — што яна азначае?

— Яна прагучала ў адказ на закід журналіста BBC, што Калесьнікава пазбаўлена якіх-кольвечы сувязяў з роднымі і сябрамі. Рэакцыя была імпульсіўнай, не абавязкова яна адлюстроўвае асэнсаваны падыход Лукашэнкі да гэтага пытаньня, але базавы мэсыдж вядомы: няхай прынізіцца, папросіць — і тады паглядзім. Трэба прызнаць, што гэты момант у інтэрвію асабліва таксычны: Лукашэнка намякае на тое, што нават сям’я Калесьнікавай нібыта адвярнулася ад яе. Цалкам магчыма, што нязломнасьць Калесьнікавай зьяўляецца псыхалягічнай праблемай для Лукашэнкі.

— Чаму прэзыдэнцкія выбары былі прызначаныя так заўчасна, на паўгода раней за сканчэньне кадэнцыі?

— Зіма і мінімум часу на «дэстабілізацыю» — гэта, бадай, асноўныя фактары. За тры месяцы да дня асноўнага галасаваньня кандыдатам трэба падаць заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, ЦВК — зарэгістраваць іх, групам трэба сабраць подпісы, пасьля чаго ўласна на перадвыбарную кампанію застаецца месяц ці нават меней. А ў адрозьненьне ад 2020 году, у міжчасьсі прыпадуць каталіцкія і праваслаўныя Каляды, Новы год, якія не спрыяюць палітычнай кампаніі (хоць, з другога боку, могуць стаць нагодай для размоваў аб палітыцы ў сямейных і сяброўскіх колах). Карацей кажучы, тут яўна разьлік рабіўся на мінімалізацыю рызык перадвыбарнай мабілізацыі грамадзтва.

— У інтэрвію расейскай прапагандыстцы Скабеевай Лукашэнка паведаміў, што пойдзе на выбары 2025 году. Чаму ён трымаў інтрыгу, «цямніў» са сваім удзелам?

— Так званая таемная інаўгурацыя 23 верасьня 2020 году паклала пачатак новаму стылю вядзеньня палітыкі рэжымам Лукашэнкі. З таго часу туманнасьць і імкненьне заблытаць апанэнтаў зьяўляюцца асноўнай складовай часткай рэжыму Лукашэнкі.

— Хто можа быць супернікамі Лукашэнкі?

— Умоўны Гайдукевіч або Васкрасенскі. Мяркую, што пасьля досьведу зь Ціханоўскай (якая павінна была стаць аздобным фонам для «элегантнай перамогі» ў 2020-м) ніхто неправераны ня будзе дапушчаны.

— Чаму дэмакратычныя сілы абвясьцілі стратэгію «галасаваць супраць усіх»? Наколькі яна можа быць пасьпяховай?

— Гэтая стратэгія была абвешчаная з засьцярогай, што па меры разьвіцьця сытуацыі рэкамэндацыі могуць зьмяніцца. На гэты момант няма магчымасьці прасунуць або падтрымаць рэальнага апанэнта для Лукашэнкі. Байкот быў палічаны бессэнсоўным (і, бадай, небеспадстаўна), адсюль вось такая рэкамэндацыя на гэты момант. Яна закліканая максымальна ўскладніць рытуал перавыбараў, без прэтэнзіяў на іх паралюш. Ключавы момант тут: «Будзем глядзець залежна ад сытуацыі».

— Чаму ўлады палохаюць небясьпекай забурэньняў падчас выбарчай кампаніі? Ці ёсьць у гэтага перадумовы?

— Мо не «палохаюць», а «выказваюць перасьцярогі». Некаторыя лічаць, што гэта прадукт ірацыянальнага страху Лукашэнкі перад неіснуючай пагрозай. Паранаідальны страх — гэта нярэдкая зьява ў выпадку аўтакратаў, якія старэюць, але ня думаю, што Лукашэнка ўжо наблізіўся да гэтай рысы. Цалкам магчыма, што ў яго інфармацыі больш, чым у нас, і ён ня лічыць, што рызыка забурэньняў блізкая да нуля. Заявы Барыса Грызлова (амбасадар РФ у Беларусі) і Андрэя Белавусава (міністар абароны РФ) наконт таго, што ў выпадку «дэстабілізацыі» або «пагрозы» для Беларусі (чытай: для Лукашэнкі) Расея гатовая аказаць усялякую дапамогу, ажно да ўжываньня ядзернай зброі, ускосна сьведчаць пра тое, што рызыка «забурэньняў» можа быць большай, чым тое вонкава здаецца.

— Якіх зьменаў у беларускай палітыцы можна чакаць пасьля 26 студзеня 2025 году?

— Калі абстрагавацца ад вонкавых фактараў, то ніякіх. Але ёсьць як мінімум два вонкавыя фактары, якія могуць паўплываць на беларускую палітыку: вынік выбараў у ЗША і магчымыя перамовы аб заканчэньні расейска-ўкраінскай вайны. Асабліва адносна апошняга пытаньня бачная занепакоенасьць Лукашэнкі. Ён фармулюе яе ў катэгорыях «інтарэсаў Беларусі», але маюцца на ўвазе найперш ягоныя ўласныя інтарэсы. Ён прадчувае, што магчымыя перамовы могуць мець кепскія наступствы для яго асабіста.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2024 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • На 23 кастрычніка ў турмах Беларусі застаецца 1300 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў. Сотні тысяч чалавек зьехалі зь Беларусі ў іншыя краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG