На працягу некалькіх дзён — і на працягу тыдня пасьля 16-га штогадовага саміту BRICS, які набыў асаблівае геапалітычнае значэньне для Ўладзіміра Пуціна — і Казахстан, і Ўзбэкістан адмовіліся ад магчымасці далучыцца да шматбаковых групаў, блізкіх да Крамля.
У выпадку Казахстану гэтай групай быў сам BRICS. Астана заявіла, што не прэтэндуе на паўнапраўнае ўступленьне, аддаючы перавагу захаваньню статусу назіральніка.
Для Ўзбэкістану гэта быў Эўразійскі эканамічны саюз (ЭАЭС), гандлёвы блёк зь пяці ўдзельнікаў, зьяўленьне якога адыграла асноватворную ролю ў дзесяцігадовым разрыве Расеі з Украінай, піша карэспандэнт Радыё Свабода Крыс Рыклтан.
Абедзьве краіны застаюцца блізкімі да Масквы, іхныя рашэньні наўрад ці можна кваліфікаваць як мяцеж. Але гэта падкрэсьлівае складанае становішча, у якім апынуўся рэгіён з 2022 году, спрабуючы дыстанцыявацца ад пагрозы другасных санкцый, зьвязаных з поўнамаштабным уварваньнем Расеі ва Ўкраіну, адначасова спрабуючы не наклікаць на сябе гнеў Масквы.
Шэраг экспэртаў, аднак, заяўляе, што рашэньні Ташкенту і Астаны ўжо прывялі да вялікага абурэньня Масквы.
Казахстану лепей бяз BRICS
На саміт BRICS у Казань, акрамя краінаў-заснавальніц, па пачатковых літарах ангельскіх назваў якіх і названая арганізацыя (Бразылія, Расея, Індыя, Кітай і Паўднёвая Афрыка), прыбылі таксама прадстаўнікі новых чатырох сяброў арганізацыі — Эгіпту, Этыёпіі, Ірану і ААЭ.
У інтэрвію Радыё Свабода Ст’юарт Патрык, старшы навуковы супрацоўнік Фонду Карнэгі за міжнародны мір, мяркуе, Расея спадзяецца, што пашырэньне арганізацыі «стане выклікам міжнароднаму парадку, у якім дамінуе Захад, і асабліва дамінаваньню Злучаных Штатаў».
Казахстан, аднак, назірае за падножкай, але ня ўскоквае на яе. Раней прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў зазначаў, што Казахстан ацэньвае пэрспэктывы сяброўства ў арганізацыі, але ў «дасяжнай будучыні» ў паўнапраўныя сябры BRICS не зьбіраецца.
Фармальна Астана зьяўляецца хаўрусьнікам Расеі, бо яна па-ранейшаму ўваходзіць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) са штаб-кватэрай у Маскве, а таксама ёсьць адной з заснавальніц ЭАЭС, у якім дамінуе Расея, куды ўваходзяць таксама Армэнія, Беларусь і Кіргізстан.
Пытаньне фактычнага далучэньня да BRICS стала «практыкаваньнем у адстойваньні сувэрэнітэту», лічыць Наргіс Касенава, дырэктарка праграмы па Цэнтральнай Азіі Гарвардзкага ўнівэрсытэту. Яна сьцьвярджае, што і Расея, і Кітай — другі буйны партнэр Казахстану — настойліва заахвочвалі б Астану стаць часткай арганізацыі.
«Далучэньне да BRICS Казахстану, сярэдняй дзяржавы, павялічыла б важнасьць арганізацыі. Але гэта таксама пасунула б Казахстан далей ад Захаду і наблізіла б яго да прыхільнікаў „шматпалярнага“ сьвету ў той ці іншай ступені», — сказала яна Радыё Свабода.
Касенава дадала, што Казахстан намагаецца падтрымліваць шчыльныя сувязі з Захадам і «пакуль ня мае вагі і бясьпекі такіх краін, як Бразылія, Індыя, Паўднёвая Афрыка або Турэччына». Турэччына акурат разглядае магчымасьць далучэньня да BRICS у будучыні.
Ціск на Ўзбэкістан
Тым часам групоўкі, арыентаваныя на Расею, магчыма, у кантэксьце санкцый, якія закранаюць Расею і вернага саюзьніка Беларусь, сталі больш таксычнымі за ЭАЭС, палажэньні якога робяць перамяшчэньне тавараў больш цяжкім для адсочваньня, калі яны трапляюць у такую краіну, як Казахстан.
Адсутнасьць Украіны ў блёку зьнізіла яго патэнцыял, і доўгі час выглядала, што шостым сябрам ЭАЭС стане Ўзбэкістан. Першапачаткова кіраўнік дзяржавы Шаўкат Мірзіёеў ставіўся да арганізацыі значна больш прыхільна за папярэдніка Іслама Карымава, які ўскосна асудзіў яе як спробу рэфармаваць Савецкі Саюз.
Але на пэўным этапе Мірзіёеў заявіў, што краіне трэба падрыхтавацца да поўнага зьняцьця гандлёвых бар’ераў. Але тады выступіла расейская чыноўніца Валянціна Мацьвіенка, якая заявіла, што адкласьці працэс уваходжаньня Ўзбэкістану ў ЭАЭС нельга.
Цяпер выглядае, што Ўзбэкістан у арганізацыі застанецца толькі нахіральнікам. Пра гэта сказаў адказны прадстаўнік парлямэнту Акмал Саідаў, які адзначыў, што такое рашэньне Ташкент прыняў пасьля вывучэньня болей як тысячы дакумэнтаў арганізацыі. Ён успомніў «калег з Казахстану», адзначыўшы, што тыя атрымалі «вельмі мала пераваг у выніку ўступленьня ў ЭАЭС».
У той час як Расьсельгаснагляд спасылаўся на невыпраўленьне Казахстанам недахопаў у «фітасанітарнай бясьпецы», замежныя СМІ, якія асьвятлялі забарону, зьвязвалі гэтую меру зь неўступленьнем Казахстану ў BRICS.
Алішэр Ільхамаў, узбэцкі палітычны аналітык і заснавальнік дасьледчай кампаніі Central Asia Due Diligence, сьцьвярджае, што Ўзбэкістан сутыкнуўся з падобным ціскам Расеі праз сваё рашэньне не ўступаць у ЭАЭС. Адной з праяваў гэтага ціску магло быць рашэньне Расеі выказацца пра ўзбэцкую школу ў мінулым месяцы, калі гаворка ішла пра расейскую мову, сказаў ён.
Таксама чыньнікам ціску могуць быць заявы Расеі аб увядзеньні візавага рэжыму для грамадзянаў Узбэкістану, што закране мноства працоўных мігрантаў.
Але ў кожным выпадку, зазначыў экспэрт, прывабнасьць Расеі як эканамічнага партнэра істотна зьнізілася пасьля яе нападу на Ўкраіну. Таму афіцыйны Ташкент актыўна шукае іншыя гандлёвыя магчымасьці.
Форум