Прэм’ер-міністар Малдовы Дарын Рэчан заявіў, што толькі за апошні месяц Генэральны інспэктарат паліцыі правёў 350 вобшукаў у крымінальных справах і затрымаў сотні злачынцаў, якія кантраляваліся з-за мяжы і спрабавалі дэстабілізаваць сытуацыю 20 кастрычніка, у дзень выбараў і рэфэрэндуму аб уступленьні ў Эўразьвяз.
«Група ліхадзеяў спрабуе падмануць людзей, абяцаючы грошы, распаўсюджваючы лжывую інфармацыю, тэлефануючы і ўводзячы людзей у зман. Прашу ўсіх грамадзян быць пільнымі — гэтая крымінальная група хлусіць і заклікае людзей рабіць незаконныя дзеяньні. Ня верце ім! Наша краіна стаіць на раздарожжы. І толькі мы, малдаване, павінны вырашаць, якім курсам пойдзе Малдова. Але, на жаль, як унутры краіны, так і за мяжой ёсьць тыя, хто ня хоча моцнай, незалежнай Малдовы, дзе народ вырашае свой лёс. Яны хочуць Малдову, якую можна абрабаваць і кантраляваць у сваіх незаконных інтарэсах», — заявіў Дарын Рэчан у сваім звароце да грамадзян Малдовы.
Паводле яго, паліцыя ўжо задакумэнтавала подкуп 130 тысяч выбарнікаў, на якіх патрацілі 15 мільёнаў эўра.
«Злачынная групоўка плянуе тэлефанаваць сотням тысяч людзей у дзень выбараў, каб запалохаць, падмануць ці прапанаваць хабар за голас. Яшчэ раз заклікаю вас, дарагія грамадзяне, не пападайцеся ў пастку гэтых злачынных незаконных дзеяньняў», — заклікаў прэм’ер-міністар Малдовы.
Дарын Рэчан запэўніў, што дзяржаўныя ўстановы забясьпечаць права на свабоднае галасаваньне і дэмакратычныя працэсы.
«Але менавіта вам, шаноўныя грамадзяне, давядзецца спыніць наступ на нашу дэмакратыю. У нядзелю вы зробіце выбар: ці вернемся мы ў мінулае, ізаляваныя, без рэсурсаў для разьвіцьця, уразьлівыя перад выпрабаваньнямі, або накіруемся ў будучыню, у сям’ю цывілізаваных краін, якія дапамогуць нам мадэрнізаваць нашу краіну, як мы гэтага хочам», — заявіў кіраўнік ураду Малдовы.
Перад гэтым у паліцыі Малдовы заявілі аб падрыхтоўцы да масавых пратэстаў у краіне пасьля закрыцьця выбарчых участкаў па выбарах прэзыдэнта і рэфэрэндуме аб уступленьні ў Эўразьвяз.
Кіраўнік Генэральнага інспэктарату паліцыі Віярэл Чэрнэўцяну паведаміў, што сёлета зь ліпеня ў Расею для спэцпадрыхтоўкі арганізавана езьдзілі групы грамадзян, якіх вучылі, як супрацьстаяць сілавым структурам, і тлумачылі тэхнічныя асаблівасьці пратэстаў.
Усяго падрыхтоўку прайшлі 300 чалавек, чатырох зь іх затрымалі і арыштавалі. У часе вобшукаў сканфіскавалі мабільныя тэлефоны, банкаўскія карткі і гатоўку на агульную суму 1,6 мільёна леяў (прыблізна 89 тысяч даляраў у эквіваленце). Некаторыя ўдзельнікі гэтых груповак прайшлі больш прафэсійную падрыхтоўку ў Босьніі і Герцэгавіне, а таксама ў Сэрбіі, дзе іхнай падрыхтоўкай займаліся вагнэраўцы.
У паліцыі таксама прадэманстравалі відэазапісы меркаваных трэнаваньняў у Расеі і на Балканах. На адным з запісаў маладыя людзі скандавалі ў аўдыторыі «Наша мова — расейская», «Не — двайному грамадзянству», «Мы ня хочам у Эўропу».
Паводле Службы інфармацыі і бясьпекі Малдовы, паездкі моладзі ў Расею фінансаваў алігарх-уцякач Ілан Шор, а сам працэс каардынавалі Валянцін Галаскокаў і Міхаіл Пацепкін, які меў сувязі з Яўгеніем Прыгожыным. Міхаіл Пацепкін ужо ўдзельнічаў у дэстабілізацыі сытуацыі ў Малдове ў 2023 годзе.
У Малдове 20 кастрычніка адбудуцца выбары прэзыдэнта і рэфэрэндум аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз.
У прэзыдэнцкіх выбарах удзельнічаюць 11 кандыдатаў, у тым ліку дзейная прэзыдэнтка Мая Санду. Стаўленікаў Ілана Шора да ўдзелу ў выбарчай кампаніі не дапусьцілі.
Ілана Шора з 2019 году абвясьцілі ў міжнародны вышук у справе аб крадзяжы 1 мільярда даляраў з банкаўскай сыстэмы Малдовы.
Форум