Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова вядзе перамовы аб уступленьні ў Эўразьвяз. Што гэта значыць і калі можа адбыцца


Людзі са сьцягамі Эўрапейскага зьвязу і Малдовы на плошчы Вялікага нацыянальнага сходу ў Кішынёве на мітынгу ў падтрымку ўступленьня краіны ў ЭЗ. Кішынёў, 21 траўня 2024
Людзі са сьцягамі Эўрапейскага зьвязу і Малдовы на плошчы Вялікага нацыянальнага сходу ў Кішынёве на мітынгу ў падтрымку ўступленьня краіны ў ЭЗ. Кішынёў, 21 траўня 2024

У Брусэлі 25 чэрвеня адбылася першая міжурадавая канфэрэнцыя на міністэрскім узроўні аб пачатку перамоваў аб уступленьні Рэспублікі Малдова ў Эўрапейскі зьвяз.

Пакуль эўраскептыкі прадракаюць Малдове вайну за збліжэньне з ЭЗ, экспэрты адзначаюць: скарачэньне шляху ў Эўразьвяз адбылося ў кантэксьце вайны Расеі супраць Украіны, але ён усё яшчэ ня будзе хуткім.

Тэлеканал «Настоящее время» расказвае, што трэба ведаць пра гэты працэс.

Перамовы аб уступленьні сталі наступным крокам пасьля таго, як 14-15 сьнежня 2023 году Эўрапейская рада прыняла рашэньне даць старт перамовам з Малдовай.

Старт жа быў дадзены пасьля таго, як у лістападзе 2023 года Эўракамісія выпусьціла справаздачу, у якой ацаніла прагрэс Малдовы ў так званых «Дзевяці кроках» на шляху ў ЭЗ (заяўку на сяброўства краіна падала ў сакавіку 2022 году).

Вось гэтыя крокі:

  • рэформа судовай сыстэмы,
  • барацьба з карупцыяй,
  • энэргетычная бясьпека,
  • рэформа выбарчага заканадаўства,
  • умацаваньне дэмакратыі,
  • рэформа дзяржаўнага кіраваньня,
  • абарона правоў чалавека,
  • эканамічныя рэформы,
  • інтэграцыя ў адзіны рынак Эўразьвязу.

«Камісія лічыць, што Малдова ў дастатковай ступені адпавядае крытэрам, якія тычацца стабільнасьці інстытутаў, што гарантуюць дэмакратыю, вяршэнства права, правы чалавека, павагу і абарону меншасьцяў», — сказана ў справаздачы.

У дакумэнце адзначаецца, што ў краіне пачалася ўжо комплексная рэформа сыстэмы правасудзьдзя, а таксама рэформа антыкарупцыйных ведамстваў, расьце колькасьць расьсьледаваньняў і абвінаваўчых прысудаў у справах аб карупцыі, прыняты і ўкараняецца плян дзеяньняў у дэалігархізацыі і распачата барацьба з арганізаванай злачыннасьцю.

У справаздачы Камісіі таксама паведамляецца, што Малдова пашырыла ўдзел грамадзянскай супольнасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і ўмацавала абарону правоў чалавека.

Справаздача Эўракамісіі была апублікаваная на фоне ўнутраных скандалаў у Малдове, выкліканых законам аб прэвэттынгу судзьдзяў (так у Малдове называюць папярэднюю праверку іх уласнасьці і карупцыйных рызык. — Рэд.), закрыцьцём тэлеканалаў, зьвязаных зь беглым алігархам і лідэрам забароненай у Малдове партыі «Шор» Іланам Шорам, а таксама зацягваньнем уключэньня Яўгеніі Гуцул, башкана Гагаузіі ад партыі «Шор», у склад ураду.

Згодна з малдоўскім заканадаўствам, башкан Гагаузіі зьяўляецца сябрам ураду, аднак у законе не ўдакладняецца, у які тэрмін пасьля выбраньня башкан павінен быць уключаны ў склад урада. Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заяўляла, што непадпісаньне ўказу аб зацьвярджэньні Яўгеніі Гуцул у якасьці сябра ўраду зьвязана з тым, што закон не вызначае крайняга тэрміну падпісаньня дакумэнту.

Камэнтуючы, як суадносяцца высновы Камісіі і тое, што адбываецца ў палітычным жыцьці Малдовы, палітоляг і былы пасол Малдовы ў ААН і Радзе Эўропы Аляксей Тулбурэ адзначае, што ў краіне рэальнасьць заўсёды крыху адрозьнівалася ад таго, «што пісалі на паперы»:

«Гэта не фэномэн сёньняшняга дня, мы заўсёды рабілі справаздачы лепш, чым праводзілі рэформы дома. Можна сказаць, што сёньня адбываецца тое ж самае, аднак у ЭЗ ёсьць разуменьне таго, што рэформа юстыцыі і барацьба з карупцыяй — гэта доўгі працэс, і гэта рэформы, якія патрабуюць спэцыяльных намаганьняў і доўгага прамежку часу, каб убачыць больш пераканаўчыя вынікі.

І той факт, што ўлада запусьціла гэтыя працэсы вэттынгу і прэвэттынгу, што быў выбраны новы генпракурор, палічылі ў Бруселі дастатковымі падставамі для таго, каб лічыць абавязаньні выкананымі», — кажа Тулбуры.

У той жа час, па словах экспэрта, гэта не азначае, што Малдова адыходзіць ад неабходнасьці весьці перамовы і даваць справаздачу.

«У будучыні нам трэба навучыцца даваць справаздачу ня толькі за меры нарматыўнага характару, мы гэтыя нормы павінны ўкараняць у жыцьцё. І тады паказваць вынікі. У нас такога досьведу пакуль няма, але ад нас гэтага будуць патрабаваць», — лічыць палітоляг.

Прадстаўнікі Малдовы перад пачаткам міжурадавай канфэрэнцыі ў Люксембургу, дзе пачаліся перамовы аб уступленьні Малдовы ў ЭЗ. 25 чэрвеня 2024 года
Прадстаўнікі Малдовы перад пачаткам міжурадавай канфэрэнцыі ў Люксембургу, дзе пачаліся перамовы аб уступленьні Малдовы ў ЭЗ. 25 чэрвеня 2024 года

Гістарычны кантэкст

Шлях Рэспублікі Малдова ў ЭЗ пачаўся шмат гадоў таму ў 2001 годзе з ініцыятывы Партыі камуністаў на чале з Уладзімірам Вароніным: у іх партыйнай праграме, акрамя збліжэньня з Расеяй, было прапісана і распрацоўваньне праграмы эўраінтэграцыі Малдовы. Ужо ў 2005 годзе перад выбарамі малдоўскія камуністы мацней павярнуліся ў бок ЭЗ і падпісалі плян «Малдова — Эўрапейскі зьвяз».

Дынаміка сацыялягічных апытаньняў (дадзеныя «Баромэтра грамадзкай думкі») з гэтай нагоды выглядае прыкладна так: у 2007 годзе за эўраінтэграцыю Малдовы хацелі прагаласаваць 72% грамадзян, а вясной 2015-га — усяго 39,5%.

На гэты пэрыяд прыпала ператварэньне Малдовы з «гісторыі посьпеху» (так краіну называлі пасьля падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ у 2014 годзе) у «захопленую дзяржаву» (так Малдову ў сваім артыкуле для NYT назваў Турб’ёрн Яглянд, генэральны сакратар Рады Эўропы).

Асноўнымі «рухавікамі» эўраінтэграцыі тады былі Ўладзімір Філат, Уладзімір Плахатнюк і іншыя. Філат у выніку быў прыгавораны да доўгага турэмнага тэрміну ў справе аб карупцыі, а Плахатнюк, які здолеў пасьля арышту Філата захапіць усю ўладу ў краіне і падпарадкаваць сабе дзяржаўныя інстытуты, пасьля ўцёкаў з Малдовы ў 2019 годзе знаходзіцца ў вышуку і фігуруе ў некалькіх крымінальных справах.

У 2019 годзе ўжо 59% грамадзян Малдовы былі згодныя прагаласаваць за ўступленьне ў ЭЗ, у 2023 годзе колькасьць прыхільнікаў эўраінтэграцыі склала 47%.

Старшыня экспэртнага аналітычнага цэнтру WatchDog Валерыю Паша ў гутарцы з «Настоящим временем» адзначае, што ідэю эўраінтэграцыі ў Рэспубліцы Малдова больш за ўсё падтрымліваюць маладыя людзі да 25 гадоў, ва ўзроставай групе 35-45 гадоў вышэйшы працэнт тых, хто ня вызначыўся. Сярод старэйшага і сярэдняга пакаленьня розьніца ў падтрымцы эўраінтэграцыі даволі невысокая.

«Клясычна найбольш высокі ўзровень падтрымкі інтэграцыі ў ЭЗ сярод насельніцтва з вышэйшай адукацыяй. Сярод румынскамоўнага насельніцтва вышэйшы ўзровень падтрымкі, і сярод этнічных меншасьцяў, адпаведна, наадварот, падтрымка ніжэйшая», — кажа экспэрт.

Расказваючы аб «рэгіянальным профілі» прыхільнікаў эўраінтэграцыі, Паша падкрэсьлівае, што ўзровень падтрымкі ўступленьня ў ЭЗ вышэйшы ў Кішынёве і ў цэнтральных раёнах краіны, а ў паўночных — ніжэйшы. У асобную катэгорыю ён вылучыў Гагаускую аўтаномію і Тараклійскі раён (поўдзень Малдовы), дзе ідэі інтэграцыі ў ЭЗ не карыстаюцца асаблівай папулярнасьцю. Пры гэтым у іншых паўднёвых раёнах, паводле Пашы, узровень падтрымкі эўраінтэграцыі прыкладна такі ж, як у сярэднім па краіне.

«Сьвежых дадзеных аб Прыднястроўі ў нас няма, але мы можам выказаць здагадку, што падтрымка ўступленьня ў ЭЗ там ніжэйшая, чым у сярэднім па краіне», — кажа экспэрт.

Эўраскептыкі

У Малдове вельмі складана адрозьніць сапраўдных эўраскептыкаў ад тых, хто зь нейкіх іншых прычынаў зацікаўлены ў распаўсюджваньні антыэўрапейскіх мэсэджаў, адзначаюць назіральнікі.

У палітычных колах асноўнымі супернікамі эўраінтэграцыі зьяўляюцца сацыялісты на чале з экс-прэзыдэнтам Ігарам Дадонам, камуністы і іхны лідэр Уладзімір Варонін, а таксама Ілан Шор і яго партыі-сатэліты.

Цэнтр WatchDog прааналізаваў публічныя заявы Додона, Шора, экс-башкана Гагаузіі Ірыны Влах і прэс-сакратара расейскага МЗС Марыі Захаравай у дасьледаваньні «Псыхалягічная ваенная апэрацыя супраць Малдовы». Экспэрты цэнтру прыйшлі да высновы, што вышэйпералічаныя асобы распаўсюджвалі падобныя наратывы аб вайне з мэтай пасеяць паніку ў грамадзтве і пераканаць грамадзкую сьвядомасьць у тым, што праэўрапейскі вэктар ураду падвяргае Малдову рызыцы вайны.

Аляксей Тулбурэ тлумачыць, чаму ў часы кіраваньня камуністаў ідэя эўраінтэграцыі была такой папулярнай. Прычына — у высокім аўтарытэце ўлады і сыгналах, якія грамадзяне ўлоўлівалі і падтрымлівалі кірунак, у якім рухаецца краіна.

«Мы з поўнай упэўненасьцю можам сказаць, што камуністы, якія сёньня супраць ЭЗ, раней былі „за“. Як і Дадон, які быў „за“, а цяпер супраць», — кажа палітоляг.

На думку Аляксея Тулбурэ, у Малдове ёсьць тыя, хто па-сапраўднаму падтрымлівае Пуціна і тое, што ён робіць ва Ўкраіне. Часта гэта людзі, якія настальгуюць па СССР, памылкова асацыююць Расею з Савецкім Саюзам. Да таго ж у іх ёсьць пэўныя фобіі наконт жыцьця на Захадзе, яны баяцца апынуцца маргіналізаванымі ў ЭЗ.

«Такіх людзей каля 30% насельніцтва. Фэномэн Малдовы ў тым, што, у адрозьненьне ад Украіны і Грузіі, дзе падтрымка інтэграцыі ў ЭЗ 80% і 90% адпаведна, у нас большасьць, якая падтрымлівае інтэграцыю, вагаецца вакол лічбы ў 50%», — лічыць экспэрт.

Пры гэтым, на яго думку, падтрымка інтэграцыі ў ЭЗ у Малдове можа падняцца да 70%, калі цэнтральная ўлада будзе пераканаўчай для жыхароў і будзе праводзіць палітыку, накіраваную на абʼяднаньне грамадзтва, дзе «абʼяднаньне [азначае] не ўніфармізм у мысьленьні, а зьняцьце недаверу ў грамадзтве і стварэньне ўмоў для дыялёгу».

«У 2020 годзе такую палітыку праводзілі Майя Санд і PAS, і за іх прагаласавалі тыя, хто ня быў іхным традыцыйным электаратам. Але захаваць гэты курс ім не ўдалося, і цяпер у нас расколатае грамадзтва», — кажа Тулбур.

Паводле яго, дапамагчы ў гэтым можа пасьпяховая кампанія на прэзыдэнцкіх выбарах і рэфэрэндуме аб далучэньні да ЭЗ, бо сёньня большасьць грамадзян падтрымліваюць эўраінтэграцыю, але гэта большасьць не абсалютная.

Што далей?

У Бюро эўраінтэграцыі Рэспублікі Малдовы ў адказе на запыт «Настоящего времени» расказалі, што пасьля Міжурадавай канфэрэнцыі Малдова — ЭЗ (25 чэрвеня) пачаўся другі этап працэсу скрынінгу, першы праходзіў зь лютага па травень 2024 году. На гэтым этапе малдоўскае заканадаўства вывучалі наконт адпаведнасьці заканадаўству ЭЗ. Падчас гэтага працэсу Малдова для кожнага тэматычнага разьдзелу скрынінгу павінна прадэманстраваць інстытуцыйную сыстэму і набор заканадаўчых нормаў, ступень адпаведнасьці стандартам ЭЗ, а таксама пляны на будучыню ў прыняцьці і ўкараненьні заканадаўства ЭЗ.

10–11 ліпеня пройдзе першая сустрэча на тэму дзяржаўных закупак. Да канца 2024 году ўлады Малдовы і іх эўрапейскія партнэры плянуюць завершыць усе сустрэчы па разьдзелах першага кластару, які называецца «Асноўныя каштоўнасьці».

Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду падпісвае ўказ аб пачатку перамоваў аб уступленьні краіны ў ЭЗ. 21 чэрвеня 2024
Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду падпісвае ўказ аб пачатку перамоваў аб уступленьні краіны ў ЭЗ. 21 чэрвеня 2024

Пасьля гэтага Эўракамісія падрыхтуе справаздачу для кожнага з шасьці кластараў і прадставіць сваю ацэнку бягучага ўзроўню адпаведнасьці заканадаўства Малдовы заканадаўству ЭЗ у адпаведнай галіне, а таксама зробіць высновы аб наступных кроках Малдовы ў працэсе далучэньня да ЭЗ.

«Высновы ў гэтых справаздачах будуць рэкамэндацыяй Эўрапейскай камісіі або неадкладна адкрыць перамовы аб адпаведным кластары, або запатрабаваць папярэдняга выкананьня пэўных умоў, так званых „парогавых паказчыкаў адкрыцьця“», — расказваюць у Бюро эўраінтэграцыі.

Рашэньні аб адкрыцьці або закрыцьці разьдзелаў і кластараў прымае Рада ЭЗ, дзе ўсе дзяржавы-сябры павінны аднагалосна пагадзіцца на прасоўваньне да наступнага этапу.

Працэс інтэграцыі ў ЭЗ складаны і можа заняць некалькі гадоў, ён залежыць ад палітычнага, эканамічнага і рэгіянальнага кантэксту. У той жа час у Бюро адзначаюць, што хуткасьць, зь якой Малдова будзе прасоўвацца ў працэсе перамоваў, будзе залежаць у асноўным ад палітычнай волі, адміністрацыйных здольнасьцяў уладаў Кішынёва і прагрэсу ў выкананьні крытэраў далучэньня і ўкараненьня ключавых рэформаў, асабліва ў галіне правасудзьдзя і барацьбы з карупцыяй.

Адказваючы на пытаньне «Настоящего времени» аб тым, што можа перашкодзіць Малдове ўступіць у ЭЗ, у Бюро эўраінтэграцыі паведамілі, што перамоўная рамка, вызначаная ЭЗ для Малдовы, прадугледжвае, што ў выпадку сурʼёзнага і пастаяннага парушэньня каштоўнасьцяў, на якіх заснаваны Зьвяз, Эўрапейская камісія можа з уласнай ініцыятывы або па абгрунтаваным запыце дзяржавы-сябра рэкамэндаваць прыпыненьне перамоваў і прапанаваць умовы для іх магчымага аднаўленьня. У такой сытуацыі Камісія ацэніць, ці выконвае Малдова ўмовы для аднаўленьня перамоваў, і парэкамэндуе Радзе іх аднавіць.

«Аднак гэта гіпатэтычныя сцэнары, і нашы інстытуты прыкладуць усе намаганьні, каб такія сытуацыі не ўзьнікалі», — гавораць у Бюро.

Камэнтуючы сувязь вынікаў восеньскага рэфэрэндуму аб уступленьні ў ЭЗ з пасьпяховасьцю перамоўнага працэсу, у ведамстве падкрэсьлілі, што вынік гэтага рэфэрэндуму стане выказваньнем волі малдоўскага грамадзтва «быць часткай вялікай эўрапейскай сямʼі»:

«Станоўчы вынік рэфэрэндуму будзе ясным і адназначным сыгналам як унутры краіны аб тым, якую будучыню мы бачым для сябе як грамадзтва, так і за яе межамі. Гэты нацыянальны праект будзе замацаваны ў Канстытуцыі. Аднак, акрамя рэфэрэндуму, нам давядзецца прайсьці працэс перамоваў і ўкараніць эўрапейскае заканадаўства», — гаворыцца ў адказе Бюро эўраінтэграцыі.

Акрамя таго, у ведамстве лічаць, што падтрымка як з боку грамадзян, так і з боку міжнародных партнэраў можа паскорыць дынаміку працэсу далучэньня да ЭЗ, а дзяржавы — сябры ЭЗ дэманструюць беспрэцэдэнтную адкрытасьць і палітычную падтрымку Малдове.

«Рэспубліка Малдова ўсяго за два гады змагла прасунуцца наперад ад падачы заяўкі на далучэньне да адкрыцьця перамоваў аб далучэньні, што зьяўляецца больш хуткім тэмпам у параўнаньні зь іншымі краінамі-кандыдатамі», — адзначаюць у Бюро.

На думку аналітыка Валерыю Пашы, сам факт пачатку перамоваў мала на што паўплывае ў сэнсе настрояў жыхароў Малдовы — хутчэй за ўсё, больш паўплываюць дэбаты пра рэфэрэндум і ўнясеньне зьмен у Канстытуцыю.

«Гэта працэс перацягваньня каната, дзе з аднаго боку тыя, хто разбураюць міты аб ЭЗ і тлумачаць, што Малдове прынясе сяброўства ў ЭЗ, а з другога боку — масавая кампанія маніпуляваньня грамадзкай думкай, якую фінансуе Расея: страшылкі пра тое, што на самой справе гэта не эўраінтэграцыя, а абʼяднаньне з Румыніяй, жахі пра вайну, страту расейскага рынку (можна падумаць, ён у нас ёсьць) і шмат іншага», — кажа Паша.

Ён адзначае, што пакуль што сам працэс пачатку перамоваў хутчэй матывуе тых, хто ўжо падтрымлівае эўраінтэграцыю, і пераконвае іх, што гэта мара, якая рэалізуецца ў агляднай будучыні.

Аляксей Тулбурэ, ацэньваючы прагрэс Малдовы на шляху эўраінтэграцыі, заявіў, што калі параўноўваць са станам спраў трох-чатырохгадовай даўнасьці, то Малдова за гэты час «абляцела вакол Зямлі тры разы».

«Мы прайшлі фантастычна велізарную дыстанцыю, але такая ж фантастычная дыстанцыя засталася наперадзе. Раней гэта была пэрспэктыва дзесяцігодзьдзяў, зараз тэрміны меншыя», — кажа экспэрт.

Ён адзначае, што сочыць за тым, што адбываецца ў ЭЗ у кантэксьце пашырэньня зьвязу і, на яго думку, існуюць перадумовы для таго, што Малдова «разам зь яшчэ адной краінай» магла быць прынятая ў Эўразьвяз у наступныя 5 гадоў.

«Мы будзем прыводзіць усё да стандартаў ЭЗ, ужо знаходзячыся ў ЭЗ. Адкуль такая хуткасьць? Прычынай усяму вайна, якую разьвязала Расея супраць Украіны. Нельга растлумачыць, што адбываецца з намі, па-за кантэкстам, а кантэкст — гэта вайна», — заключае Тулбурэ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG