Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 25 гадоў таму ў Менску прайшоў «Марш свабоды» супраць інтэграцыі з Расеяй


Удзельнікаў «Маршу свабоды» затрымліваюць сілавікі. Менск, 17 кастрычніка 1999 году
Удзельнікаў «Маршу свабоды» затрымліваюць сілавікі. Менск, 17 кастрычніка 1999 году

Падзеі 17 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

25 гадоў таму, 17 кастрычніка 1999 году, у Менску прайшоў адзін з самых буйных пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй, называўся ён «Марш свабоды».

У розныя моманты шэсьця колькасьць удзельнікаў вагалася ад 20 да 40 тысячаў чалавек.

Акцыя скончылася масавымі сутыкненьнямі дэманстрантаў зь міліцыяй і салдатамі ўнутраных войскаў і шматлікімі арыштамі. Каля 200 чалавек пасьля акцыі зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу, а ў міліцыі завялі 62 адміністрацыйныя справы і 7 крымінальных.

Пасьля акцыі гаворка пра абʼяднаньне з Расеяй часова спыняецца.

Таксама ў гэты дзень

1448 — пачалася другая бітва на Косавым полі паміж войскамі Асманскай імпэрыі і Вугоршчыны, у выніку якой туркі разьбілі вугорскія войскі.

1483 — папа рымскі Сыкст IV стварае гішпанскую інквізыцыю з мэтай выгнаньня з Гішпаніі арабаў ды габрэяў.

1831 — Майкл Фарадэй адкрыў зьяву электрамагнітнай індукцыі.

1869 — па заданьні газэты «Нью-Ёрк Геральд» Генры Стэнлі адправіўся шукаць экспэдыцыю Дэвіда Лівінгстона, які зьнік у Афрыцы.

1905 — Мікалай II падпісаў Маніфэст аб дараваньні лібэральных свабод і наданьні Дзяржаўнай Думе заканадаўчых паўнамоцтваў.

1918 — Вугоршчына абвясьціла незалежнасьць ад Аўстрыі.

1959 — паўднёваафрыканская кампанія «Дэ Бірс» абвясьціла пра выраб першых штучных алмазаў.

1961 — адкрыўся XXII зьезд КПСС абвясьцілі задачу пабудовы камуністычнага грамадзтва да 1980 году. Таксама зьезд прыняў рашэньне аб вынасе цела Сталіна з маўзалею.

1961 — у нью-ёрскім Музэі сучаснага мастацтва была выстаўлена карціна Анры Матыса «Човен». Толькі 3 сьнежня нехта зьвярнуў увагу на тое, што карціна вісіць нагамі ўгору.

1962 — гурт The Beatles упершыню выступіў на брытанскім телебачаньні.

Выступ Beatles у Нью-Ёрку. 1964
Выступ Beatles у Нью-Ёрку. 1964

1964 — у Беларусі было адкрылі першае прамысловае радовішча нафты. Навукоўцы кажуць, што калі б Беларусь цалкам жыла толькі за кошт свае нафты, дык выбрала б увесь запас за 30 гадоў.

1968 — пачаўся паэтапны вывад союзных войскаў з тэрыторыі Чэхаславакіі.

1988 — у Лёндане ўпершыню выканалі 10-я сымфонію Людвіга ван Бэтховэна, якую доўгі час не маглі знайсьці. Яна была адрэстаўравана ангельскім дасьледчыкам Бары Купэрам на падставе знойдзеных у Бэрліне папераў вялікага кампазытара.

1990 — у Купалаўскім тэатры ў Менску адбылася прэм’ера спэктаклю «Тутэйшыя» паводле п’есы Янкі Купалы, які паставіў Мікалай Пінігін. У канцы спэктаклю на сцэне ўздымаўся бел-чырвона-белы сьцяг.

2004 — у Беларусі прайшоў рэфэрэндум, вынікі якога скасавалі канстытуцыйнае абмежаваньне, якое забараняла адной асобе займаць пасаду прэзыдэнта краіны больш як два разы.

У гэты дзень нарадзіліся

1696 — Аўгуст III, вялікі князь літоўскі і кароль польскі.

1785 — Тадэвуш Валянскі, польскi гісторык і археоляг, калекцыянэр.

1865 — Люцыян Жалігоўскі, генэрал, дзяржаўны і ваенны дзеяч Сярэдняй Літвы і Польшчы, вядомы «бунтам Жалігоўскага» у 1920 годзе, падчас якога захапіў Вільню, стварыў Сярэднюю Літву і далучыў яе да Польшчы.

1900 — Ібрагім Гембіцкі, беларускі мастак-графік.

1937 — Мікалай Чаргінец, беларускі генэрал і пісьменьнік, старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

У памяці

1849 — Фрэдэрык Шапэн, польскі кампазытар і піяніст.

1976 — Радаслаў Астроўскі, беларускі грамадзкі і палітычны дзяяч, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады.

Радаслаў Астроўскі
Радаслаў Астроўскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG