Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прадаюць дом Цапкалаў, у якім прапісаныя іх дзеці


Вераніка і Валер Цаплкалы. Архіўнае фота
Вераніка і Валер Цаплкалы. Архіўнае фота

Раней, у красавіку 2024 году, ужо прадалі кватэру сям’і Цапкалаў. У менскім доме і прададзенай кватэры зарэгістраваныя іхныя дзеці.

Дзяржаўная газэта «Мінская праўда» апублікавала здымкі дома, інтэр’ераў, а таксама тэхнічнага пашпарту дома сям’і Цапкалаў, які выставілі на продаж 20 лістапада.

Як піша «Люстэрка», улады выставілі на таргі двухпавярховы дом № 7 на вуліцы Цяплічнай у Менску. Разам зь ім прадаецца зямельны ўчастак 0,1411 га, абсталяваньне і прадметы інтэр’еру.

Агульная плошча будынка складае 418,3 квадратных мэтра. У доме ёсьць склеп, тэраса, альтанка з мангальнай зонай, гаспадарчая пабудова, плот з варотамі і брамкай. У аб’яве на продаж адзначана, што нерухомасьць знаходзіцца пад арыштам, судом зь ёй забаронена зьдзяйсьняць рэгістрацыйныя дзеяньні.

Паведамляецца, што ў доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх дзяцей. Даўжніком лічыцца Цапкала Валеры Вільямавіч, ён жа зьяўляецца ўладальнікам маёмасьці.

Пачатковая цана маёмасьці на таргі складае складае 2 мільёны 104 тысячы рублёў.

«Люстэрка» адзначае, што калі на пляцоўцы «БелЮрЗабесьпячэньне» запусьціць пошук па прозьвішчы Цапкала, то ён выдае яшчэ маёмасьць, якая прадаецца праз інтэрнэт-аўкцыён. Мяркуючы па інтэр’еры на фота, яна таксама належыць Цапкала. Напрыклад, выставілі два дзіцячыя ровары па 150 рублёў кожны, канапу з пуфікам за 100 рублёў, некалькі відаў мэталічных стэляжоў і іншае. Крэсла офіснае, якое стаяла ў кабінэце за пісьмовым сталом, ужо прадалі за 150 рублёў.

Паводле беларускага заканадаўства, нельга забіраць жыльлё, у якім пражывае даўжнік або ягоная сям’я. Аднак беларускія ўлады канфіскавалі і прадалі на аўкцыёне кватэры Ціханоўскіх і Цапкалаў, нягледзячы на тое, што ў іх былі зарэгістраваныя непаўналетнія дзеці.

Катэру Цапкалаў прадалі з другой спробы. Першыя таргі праваліліся — ахвотных не было. Пры другой спробе пасьля зьмяншэньня цаны яны зьявіліся. Электронны аўкцыён адбыўся 9 красавіка 2024. Трохпакаёвая кватэра Цапкалаў месьціцца ў доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску. Агульная плошча жытла — 103,7 кв. м. У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек.

Вераніка Цапкала, калі даведалася, што ўлады выставілі кватэру на продаж, заявіла, што яна належыць яшчэ і непаўналетнім дзецям, што, згодна з законам, не дазваляе адчужаць маёмасьць. Яна заклікала пракуратуру і Сьледчы камітэт правесьці расьсьледаваньне, а таксама паабяцала, што калі вернецца ў Беларусь, запатрабуе ў пакупніка арэндную плату за ўвесь час карыстаньня кватэрай.

Хто такія Валер і Вераніка Цапкалы

Валер Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналёгій. Для ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ён сабраў ініцыятыўную групу. Аднак ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі бо нібыта сабраных подпісаў пасьля праверкі выявілася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарах, ягоная жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.

Сам палітык пакінуў краіну ў ліпені 2020 году, баючыся крымінальнага перасьледу. Пазьней да яго ў Латвію пераехалі жонка і дзеці.

6 студзеня 2021 году Валер Цапкала абвясьціў аб стварэньні Беларускага дэмакратычнага форуму, які мусіў быць супрацьвагай арганізаванаму Лукашэнкам «усебеларускаму нацыянальнаму сходу».

У красавіку 2023 году Менскі абласны суд завочна прысудзіў яму 17 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь, а таксама пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на працягу 5 гадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG