Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяпер нават неба не дапаможа». ГУБАЗіК прыгразіў перасьледам Максу Каржу


Макс Корж
Макс Корж

15 кастрычніка набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал заявіў, што сьпявак Макс Корж зьехаў зь Беларусі пасьля выкліку ў міліцыю «для гутаркі». Сам сьпявак пакуль ніяк не камэнтаваў гэтыя заявы сілавікоў і не пацьвярджаў, што зьехаў зь Беларусі.

У тэлеграм-канале сілавікоў сьцьвярджаецца, што «апошнім часам» на Макса Каржа «паступіў шэраг скаргаў» аб тым, што на замежных канцэртах ён «скача зь бел-чырвона-белым сьцягам» і падтрымлівае Ўкраіну, але «прыяжджае ў Менск здымаць кліпы».

Пасьля гэтага, сьцьвярджаецца ў паведамленьні, яму «ветліва патэлефанавалі і выклікалі ў міліцыю для гутаркі», але, паводле сілавікоў, Макс Корж замест гэтага нібыта зьехаў зь Беларусі.

«Няўжо ён думае, што калі б была мэта яго затрымаць і зладзіць „маскі-шоў“, то гэтага б не зрабілі? Малы зусім не пасталеў, таму наступным разам размова будзе кароткая», — гаворыцца ў пасьце, апублікаваным у тэлеграм-канале, набліжаным да сілавікоў.

Сам сьпявак у сваіх сацыяльных сетках пакуль ніяк не камэнтаваў заявы прапагандыстаў.

Макс Корж — 35-гадовы сьпявак з Лунінца. Яшчэ ў 17-гадовым узросьце разам зь сябрамі стварыў беларускамоўны праект Lunclan. Пасьля гэтага ў Каржа было яшчэ некалькі музычных праектаў, якія не прыносілі вялікага посьпеху. Прарыўным для музыкі стаў 2012 год, калі зьявілася кампазыцыя «Небо поможет нам», яна адразу выйшла на першыя пазыцыі ў музычных чартах Расеі. Так музыка займеў вялікую папулярнасьць у Расеі.

З часам Макс Корж у многіх сваіх кліпах пачаў пакідаць нешта беларускае: у «Матыльку» ён грае на піяніна «Беларусь», у «Кантрольным» зьяўляецца бел-чырвона-белы сьцяг, у «Слове пацана» сьпявак размаўляе зь сябрамі па-беларуску, у «Малый повзрослел» нібыта выпадкова ў кадар трапляе падручнік беларускай мовы, у «Шантажы» зьяўляецца чалавек у байцы «Край дужых» і інш.

У 2020 годзе Макс Корж падтрымаў пратэсты ў Беларусі. 15 жніўня 2020 году яго бачылі ля Акрэсьціна. Потым ён прыехаў на Пушкінскую, дзе адбывалася разьвітаньне з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім. У кліпе «Яе віной», які выйшаў у лістападзе 2020 году, Корж адлюстраваў тагачасны Менск з спэцтэхнікай, АМАПам, мноствам бел-чырвона-белых сьцягоў, якія людзі вывешвалі з бальконаў сваіх кватэр.

24 лютага 2022 году Корж асудзіў вайну Расеі супраць Украіны. У 2022 годзе, пасьля пачатку вайны, ён выпусьціў антываенную песьню «Свой дом», а ў другую гадавіну вайны выйшла ягоная антываенная песьня «Холодное утро».

Апошнія гады Макс Корж не выступаў у Беларусі, бо яго ўнесьлі ў так званы неафіцыйны «чорны сьпіс» музыкаў. Праз сваю антываенную пазыцыю сьпявак таксама трапіў у расейскі «чорны сьпіс» артыстаў і ня можа выступаць у Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG