Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль абяцаў ЗША не атакаваць ядзерныя і нафтавыя аб’екты Ірану, — The Washington Post


Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нетаньягу
Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нетаньягу

Цэлямі ізраільскага ўдару ў адказ па Іране будуць вайсковыя аб’екты, а ня ядзерныя або нафтавыя. Пра гэта, як сьцьвярджае The Washington Post, прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу паведаміў прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну падчас тэлефоннай размовы 9 кастрычніка.

Ізраільскі плян атакаваць толькі вайсковыя аб’екты Ірану ў адказ на масаваны ракетны ўдар па тэрыторыі Ізраілю 1 кастрычніка ў Вашынгтоне сустрэлі «з палёгкай», піша газэта.

Раней прадстаўнікі ЗША і Ізраілю правялі сэрыю перамоваў, падчас якіх Вашынгтон паспрабаваў абмежаваць магчымыя захады, якія можа зрабіць у адказ Ізраіль. Мэта такіх абмежаваньняў — перадухіліць яшчэ большае пашырэньне канфлікту на Блізкім Усходзе. Прэзыдэнт Байдэн заявіў, што на месцы Ізраілю ён бы падумаў пра альтэрнатывы нанясеньню ўдараў па іранскіх нафтавых радовішчах, паведамляла Reuters.

Аналітыкі асьцерагаліся, што напад на іранскія нафтавыя аб’екты можа выклікаць рост цэнаў на энэрганосьбіты, а ўдар па ядзерных аб’ектах — справакаваць далейшую эскаляцыю і ўцягнуць ЗША ў канфлікт, адзначае The Washington Post.

Ізраіль плянуе нанесьці ўдар па Іране да выбараў у ЗША, прызначаных на 5 лістапада, паколькі Тэгеран можа ўспрыняць доўгую адсутнасьць адказу як слабасьць, паведаміла суразмоўца газэты.

У той жа час Ізраіль адкажа на нядаўнюю атаку з боку Ірану такім чынам, каб пазьбегнуць «палітычнага ўмяшаньня ў амэрыканскія выбары», сказала крыніца газэты, знаёмая з пытаньнем.

Акрамя таго, падчас кансультацыяў з ЗША Ізраіль абвясьціў, што спыніць апэрацыі ў Лібане «ў бліжэйшыя тыдні», піша The Washington Post.

У Лібане Ізраіль вядзе баявыя дзеяньні супраць радыкальнай шыіцкай групоўкі «Хэзбала», якую падтрымлівае Іран. 15 кастрычніка ў выніку ізраільскага ракетнага ўдару на поўначы Лібану загінуў 21 чалавек, паведамілі мясцовыя ўлады. Удар нанесьлі па жылым доме ў вёсцы Айту, там жылі сем’і, якія пераехалі з поўдня Лібану, дзе ізраільскае войска праводзіць наземную апэрацыю супраць «Хэзбалы».

«Больш стрыманая пазыцыя» Нэтаньягу паўплывала на рашэньне прэзыдэнта ЗША паставіць Ізраілю сыстэму супрацьракетнай абароны THAAD, гаворыцца ў публікацыі. Пра тое, што ў Ізраілі будзе разьмешчаная батарэя THAAD, Пэнтагон заявіў 13 кастрычніка.

1 кастрычніка Іран нанёс другі за год масаваны ўдар па Ізраілі, запусьціўшы каля 200 ракет. Большую іх частку, як сьцьвярджаецца, перахапілі ізраільскія сілы ў супрацоўніцтве з амэрыканскім войскам.

У іранскім кіраўніцтве назвалі ракетны ўдар помстай за гібель лідэраў палестынскай радыкальнай групоўкі ХАМАС і «Хэзбалы», якая базуецца ў Лібане. Прэм’ер-міністар Ізраілю Нэтаньягу заявіў у сувязі з іранскім нападам, што Іран «зрабіў вялікую памылку і заплаціць за гэта».

Пасьля іранскага ўдару прэзыдэнт ЗША Байдэн публічна заявіў, што выступае супраць таго, каб Ізраіль атакаваў ядзерныя аб’екты Ірану.

Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп заявіў на пачатку кастрычніка, што Ізраіль павінен атакаваць ядзерныя аб’екты Ірану.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG