Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армія абароны Ізраіля ўзмацніла ўдары па аб’ектах «Хэзбалы»


На мяжы Ізраіля і Лібана. 7 кастрычніка 2024
На мяжы Ізраіля і Лібана. 7 кастрычніка 2024

У панядзелак радыкальная шыіцкая групоўка «Хэзбала» выпусьціла па тэрыторыі Ізраіля больш за 130 снарадаў.

У гэты ж дзень, як адзначаюць ваенныя назіральнікі, Ізраіль прадэманстраваў гатоўнасьць пашырыць свой наступ на Лібан.

Аб гэтым паведаміла агенцтва Reuters.

Лібанская групоўка «Хэзбала», якая падтрымліваецца Іранам, хаўрусьнік палестынскіх баевікоў ХАМАС у сэктары Газа і Лібане, заявіла, што нанесла ўдар ракетамі «Фадзі-1» па вайсковай базе на поўдзень ад Хайфы. Яшчэ адзін удар быў нанесены «Хэзбалай» па Твэрыі, якая знаходзіцца за 65 кілямэтраў ад мяжы.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што вайсковая авіяцыя бамбіла аб’екты «Хэзбалы» на поўдні Лібана.

Па словах прадстаўніка Дзярждэпартамэнта ЗША Мэт’ю Мілера на сустрэчы з журналістамі ў Белым доме 7 кастрычніка, Вашынгтон лічыць апэрацыю Ізраіля ў Лібане «абмежаванай».

Дзень 7 кастрычніка стаў у Ізраілі днём памяці ахвяр атакі экстрэмістаў ХАМАС (групоўка прызнана тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе) на жыхароў Ізраіля.

Кіраўнік ураду Ізраіля Біньямін Нэтаньягу на пасяджэньні кабінэту міністраў у Ерусаліме заявіў:

«Мы мяняем рэальнасьць бясьпекі ў нашым рэгіёне дзеля нашых дзяцей, дзеля нашай будучыні, каб гарантаваць, што тое, што адбылося 7 кастрычніка, больш не паўторыцца».

Міністэрства аховы здароўя Газы, якое кантралюецца ХАМАС, заявіла, што за год ізраільскай ваеннай кампаніі былі забітыя каля 42 тысяч палестынцаў.

У ЦАХАЛ паведамілі, што з пачатку вайны з ХАМАС загінулі 727 ізраільскіх салдатаў, а па габрэйскай дзяржаве было выпушчана 25 тысяч ракет.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG