Тайвань назваў манэўры Кітаю правакацыяй і заявіў, што адправіў адпаведныя сілы ў адказ.
Паводле агенцтва Сіньхуа, у вучэньнях «Сумесны меч – 2024» у Тайваньскім праліве ўдзельнічаюць сухапутныя войскі, вайскова-марскія, вайскова-паветраныя сілы і ракетныя войскі. Кітайскія вайскоўцы, як паведамляецца, «правядуць манэўры ў сумесным штурме з удзелам разнастайных ударных сіл», наблізіўшыся да вострава з паўночнага, паўднёвага і ўсходняга бакоў.
Як заявіў афіцыйны прадстаўнік Усходняй зоны баявога камандаваньня арміі КНР Лі Сі, кітайскія войскі плянуюць «засяродзіцца на блякаваньні і ўзяцьці пад кантроль ключавых партоў і раёнаў, нанясеньні ўдараў па марскіх і наземных цэлях». Вучэньні паслужаць «магутным шокам і пострахам для сэпаратысцкіх сіл», дадаў прадстаўнік кітайскага камандаваньня.
Прэзыдэнт Тайваня Лай Ціндэ склікаў экстраную нараду ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, а таксама даручыў адпаведным структурам адрэагаваць на дзеяньні КНР.
Адначасова ў Ціхім акіяне працягваюцца сумесныя вучэньні кітайскіх і расейскіх ВМС. У паведамленьні расейскага Міністэрства абароны 14 кастрычніка сказана, што ў манэўрах бяруць удзел шэсьць караблёў дзьвюх краін. Караблі адпрацавалі сумесныя супрацьлодкавыя дзеяньні і правялі стрэльбы.
Кітай лічыць Тайвань часткай сваёй тэрыторыі і ўзмацняе вайсковы ціск на востраў. У траўні Народна-вызваленчая армія КНР правяла маштабныя вайсковыя вучэньні ў Тайваньскім праліве і вакол групы кантраляваных Тайванем астравоў ля кітайскага ўзьбярэжжа. Паводле заяваў афіцыйных прадстаўнікоў Пэкіна, манэўры з удзелам арміі, флёту, авіяцыі і ракетных войскаў у раёнах паблізу межаў астраўной дзяржавы — гэта адказ на «сэпаратысцкія дзеяньні».
Тайвань афіцыйна называе сябе Кітайскай Рэспублікай, бо гістарычна пасьля перамогі камуністаў у Кітаі і абвяшчэньня КНР тайваньскія ўлады заяўлялі пра сябе як пра легітымны ўрад усяго Кітаю. З гэтым зьвязана і тое, што Тайвань фармальна не абвяшчаў незалежнасьць ад Кітаю. Партнэры Тайваня, у тым ліку ЗША, заяўляюць аб прыхільнасьці палітыцы «аднаго Кітаю». У той жа час яны катэгарычна супраць ужываньня сілы з боку КНР.
У Тайбэі, сталіцы часткова прызнанай Кітайскай Рэспублікі, некаторыя палітыкі мяркуюць, што небясьпека збройнага канфлікту паміж «двума Кітаямі» ў нашы дні — самая высокая за апошнія 40 зь нечым гадоў. Паводле дадзеных Міністэрства абароны і спэцслужбаў Тайваня, Пэкін плянуе ў 2025 годзе пачаць поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Тайваня — і пра гэта, напрыклад, у інтэрвію Радыё Свабода адкрыта сказаў папярэдні міністар замежных спраў Тайваня Джозэф Ву.
Форум