Як паведамляе Reuters, у інтэрвію тайваньскай тэлекампаніі дэмакратычна абраны кіраўнік адміністрацыі вострава, які Кітай лічыць сваёй мяцежнай правінцыяй, заявіў, што Пэкін імкнецца ўсталяваць кантроль над Тайванем зусім не зь меркаваньняў тэрытарыяльнай цэласнасьці Кітаю.
«Калі гаворка ідзе пра тэрытарыяльную цэласнасьць, чаму тады не вярнуць землі, акупаваныя Расеяй у адпаведнасьці з Айгунскай дамовай? Расея ж зараз вельмі аслабленая, ці ня так?» — сказаў Лай Ціндэ.
«Можна папрасіць Расею вярнуць тэрыторыі, але ж гэта ня робіцца. Так што яны хочуць напасьці на Тайвань зусім ня дзеля тэрыторыі», — сказаў прэзыдэнт Тайваня, выказаўшы здагадку, што сапраўдная мэта Пэкіну — дамагчыся дамінаваньня ў заходнім Ціхаакіянскім рэгіёне.
Айгунскую дамову падпісалі ў 1858 годзе імпэрыя Цін, пад кантролем якой знаходзілася большая частка тэрыторыі сучаснага Кітаю, і Расейская імпэрыя. Дамова вызначала расейска-кітайскую мяжу па рацэ Амур, тым самым перадаючы Расеі багата земляў на поўнач ад яе. У 1860-м была падпісаная Пэкінская дамова, паводле якой да Расеі адышла тэрыторыя цяперашняга Прыморскага краю. Абедзьве дамовы кітайская гістарыяграфія разглядае як няроўныя і па сутнасьці заключаныя пад пагрозай сілы з боку Расеі. Аднак ні КНР, ні Кітайская Рэспубліка, прадаўжальнікам якой афіцыйна лічыць сябе Тайвань, не вылучалі да СССР, а затым Расеі тэрытарыяльных прэтэнзій у сувязі з гэтымі дамовамі.
У Пэкіне і Маскве пакуль не камэнтавалі выказваньні тайваньскага прэзыдэнта.
Тайвань афіцыйна называе сябе Кітайскай Рэспублікай, бо гістарычна пасьля перамогі камуністаў у Кітаі і абвяшчэньня КНР тайваньскія ўлады заяўлялі пра сябе як пра легітымны ўрад усяго Кітаю. З гэтым зьвязана і тое, што Тайвань фармальна не абвяшчаў незалежнасьць ад Кітаю. Партнэры Тайваня, у тым ліку ЗША, заяўляюць аб прыхільнасьці палітыцы «аднаго Кітаю». У той жа час яны катэгарычна супраць ужываньня сілы з боку КНР. Пэкін заяўляе, што будзе імкнуцца да аднаўленьня кантролю над Тайванем і не выключае прымяненьня сілы для дасягненьня гэтай мэты.
Форум