Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апячаталі магілёўскую кватэру былой палітзьняволенай Булыбенкі

абноўлена

Анастасія Булыбенка, архіўнае фота
Анастасія Булыбенка, архіўнае фота

Пра гэта нядаўна даведалася сама былая палітзьняволеная і паведаміла ў сацыяльных сетках. Сама яна выехала за мяжу.

Анастасія Булыбенка ў сваім інстаграме расказала, што гэта, на яе думку, хутчэй за ўсё азначае, што супраць яе завялі «спэцвядзеньне».

«Гэтая кватэра — адзінае і апошняе, што засталося ў мяне ад бацькі, які прапаў бязь вестак у 2009 годзе.

У мяне няма ніякай інфармацыі пра тое, як і калі гэта адбылося.

Я працую ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, ініцыятыве „Вольныя паштоўкі“ і ў Беларускай асацыяцыі бізнэсаў за мяжой — усе яны прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пасьля таго як я выехала зь Беларусі, я актыўна давала інтэрвію, удзельнічала ў офлайн-мерапрыемствах і акцыях і нават ладзіла свае».

Булыбенка дадала, што адчувае «злосьць і несправядлівасьць».

Яна мяркуе, што гэта сьведчыць пра страх рэжыму Лукашэнкі.

Ася Булыбенка — былая студэнтка БНТУ, якую ў 2020 годзе адлічылі падчас восеньскіх акцыяў пратэсту ў Беларусі. Дзяўчыну асудзілі на 2,5 года калёніі па «справе студэнтаў». Яна цалкам адбыла свой тэрмін і ў мінулым лістападзе выйшла на волю.

Пасьля вызваленьня Асі забаранілі выяжджаць з краіны. Калі яна здымала забарону на выезд у судзе, яе арыштавалі яшчэ на 30 содняў і адправілі на Акрэсьціна. Пазьней ёй усё ж удалося пакінуць Беларусь, дзе ёй надалей пагражала небясьпека. Цяпер былая палітзьняволеная жыве ў Вільні.

Што такое спэцвядзеньне

Так званае «спэцвядзеньне» датычыць паўналетніх грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой і супраць якіх завялі «палітычныя» крымінальныя справы.

Судзіць завочна могуць паводле 48 артыкулаў (злачынствы супраць міру і бясьпекі чалавецтва, супраць дзяржавы, шэраг іншых злачынстваў, зьдзяйсьненьне якіх нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы).

Спэцыяльнае вядзеньне пачынаецца ў выпадку, калі замежная дзяржава адмаўляе ў выдачы абвінавачанага або калі на працягу 6 месяцаў з моманту накіраваньня Генпракуратурай адпаведнага запыту ня будзе атрымана згода замежнай дзяржавы.

Адна з мэтаў завочных працэсаў — «кампэнсаваць шкоду», якую чалавек нібыта нанёс дзяржаве. Таму падчас завочных судоў робяць маёмасныя спагнаньні, у тым ліку канфіскоўваюць маёмасьць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG