Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт арыштаваў хату кіраўніка «Белсату» на Піншчыне, якую пабудаваў яго дзед, вязень ГУЛАГу


Аляксей Дзікавіцкі
Аляксей Дзікавіцкі

Вясковую хату каля 100 гадоў таму збудаваў дзед Аляксея Дзікавіцкага, вязень ГУЛАГу.

Выканаўца абавязкаў дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі атрымаў ліст ад Сьледчага камітэту Беларусі, дзе гаворыцца, што на ягоны дом на радзіме накладзены арышт.

Старую драўляную хату збудаваў сто гадоў таму дзед Аляксея Дзікавіцкага.

«Нават сталінскія ўлады не забралі дом, што збудаваў сто гадоў таму мой дзед — „вораг народу“, вязень ГУЛАГу. У лягер накіравалі, але дом пакінулі. Дом даўно быў перапісаны на мяне.

Я рос там да школы, адтуль вёз на могілкі дзядоў і бацькоў, гэта самае дарагое для мяне месца. Калісьці дзядуля з бабуляю дазволілі на шмат гадоў вучыцца там дзецям, пакуль у вёсцы будавалі школу», — расказаў кіраўнік «Белсату».

Як растлумачыў «Белсату» юрыст, на дом быў накладзены арышт пастановаю сьледчага. Інфармацыю пра гэта таксама ўнесьлі ў рэестар нерухомай маёмасьці і зямельны кадастар Рэспублікі Беларусь. На практыцы гэта значыць, што пакуль дом пад арыштам, зь ім нельга нічога зрабіць: прадаць, падарыць, абмяняць.

Раніцай 9 кастрычніка Аляксей Дзікавіцкі так ацаніў магчымую будучыню дому:

«Ён ня мае нейкай надта вялікай вартасьці, калі прадаваць, але гэта самае дарагое для мяне месца на зямлі. Сьледчы камітэт, што праўда, пакуль афіцыйна паведаміў толькі пра „арышт нерухомасьці“, каб я ня мог нічога з бацькоўскай хатай зрабіць. Але як толькі ў крымінальнай справе абвесьцяць „вырак“ — сканфіскуюць».

Дакладна не вядома, у ракамх якой менавіта крымінальнай справы на дом наклалі арышт. Рэжым Лукашэнкі раней назваў тэлеканал «Белсат» «экстрэмісцкай арганізацыяй».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG