Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранскі рэпэр Таталу асуджаны на 15 гадоў пазбаўленьня волі


Рэпэр, вядомы як Tataloo, у іранскім судзе са сваёй адвакаткай на пачатку 2024 году.
Рэпэр, вядомы як Tataloo, у іранскім судзе са сваёй адвакаткай на пачатку 2024 году.

Амірхасейн Магсудлу, папулярны і скандальны іранскі рэпэр, вядомы пад псэўданімам Таталу, атрымаў вырак 15 гадоў пазбаўленьня волі па шэрагу абвінавачаньняў, паведаміў 13 кастрычніка прадстаўнік суду.

Прэс-сакратар суду Асгар Джахангір сказаў на прэс-канфэрэнцыі, што выканаўцу асудзілі на пяць гадоў па абвінавачаньні ў абразе сьвятыняў і на 10 гадоў за заахвочваньне да «карупцыі і прастытуцыі».

Пакуль што няясна, як прысуды будуць выконвацца — адначасова ці пасьлядоўна. Джахангір сказаў, што яму трэба будзе неадкладна пачаць выкананьне пакараньня.

Творы Таталу, якія лічацца правакацыйнымі і выкананымі ў заходняй стылістыцы, у Іране афіцыйна не дазволеныя: улады кажуць, што ў рэпэра няма адпаведных сэртыфікатаў ад Міністэрства культуры.

Прыхільнікі цьвёрдай рукі ў Іране часта ганяць выканаўцаў за абразу кансэрватыўных маральных стандартаў ісламскай нацыі і разбэшчваньне моладзі.

Таталу 36 гадоў. У сваёй творчасьці ён часам крытыкаваў сытуацыю з правамі чалавека ў Іране. З 2018 году ён жыў у Стамбуле, але ў сьнежні 2023-га турэцкія ўлады экстрадавалі яго ў Іран. Пасьля экстрадыцыі ў Іране яго трымалі пад вартай.

Суд над Таталу пачаўся ў сакавіку. Яго абвінавачвалі ў прапагандзе непрыстойнасьці, публікацыі прапаганды супраць Ісламскай Рэспублікі Іран і распаўсюджваньні непрыстойнага кантэнту.

У мінулым месяцы сьледчы, які вёў ягоную справу, заявіў, што Таталу напісаў пакаяльны ліст і выказаў жаданьне ажаніцца, стварыць сям’ю і займацца музыкай больш прынятым спосабам.

Спраўдзіць гэтую інфармацыю не ўдалося, але такое прызнаньне, калі гэта праўда, хутчэй за ўсё, уратавала выканаўцу ад значна больш жорсткага прысуду.

Рэпэр вядомы спалучэньнем рэпу, поп-музыкі і R&B, а таксама сваімі характэрнымі татуіроўкамі. У Іране стаўленьне да яго палярна розьнілася.

Раней ён выпусьціў песьню ў падтрымку ядзерных правоў Ірана; гэта супала з разрывам ядзернай угоды паміж Тэгеранам і сусьветнымі дзяржавамі.

У 2020 годзе Instagram закрыў акаўнт рэпэра, пасьля таго як актывісты і карыстальнікі Instagram паскардзіліся на яго за непрыстойныя пасты, у якіх непаўналетніх дзяўчат запрашалі далучыцца да ягонае «каманды» для сэксу.

Таталу ненадоўга трапіў у турму ў 2013 годзе за распаўсюджваньне сваёй забароненай музыкі на замежных спадарожнікавых каналах, а ў 2016 годзе — на два месяцы за абразу судзьдзі падчас судовага паседжаньня.

У сьнежні 2023 году іранскія СМІ паведамілі, што турэцкая паліцыя арыштавала Таталу па абвінавачаньні ў абразе супрацоўнікаў іранскага консульства ў Стамбуле. Скаргу на яго склала консульства.

Агенцтва Fars паведаміла, што Таталу прад’яўлены абвінавачаньні ў стварэньні ігральнага дома; у заахвочваньні, спакушэньні або пагрозе атрыманьня або садзейнічаньня ў атрыманьні парнаграфічнага кантэнту; у падбухторваньні і схіленьні людзей, асабліва маладога пакаленьня, да злачынстваў супраць цнатлівасьці і сэксуальных дэвіяцый; і ў заахвочваньні людзей да карупцыі і прастытуцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG