Некаторыя матэрыялы тэлеграм-каналу цытавалі ў тым ліку і прапагандысцкія беларускія СМІ.
Прапагандыст Грыгорый Азаронак сьцьвярджае, што прычынай унясеньня каналу ў «экстрэмісцкі» сьпіс стала асоба яго стваральніка — расейскага журналіста Сяргея Шыпценкі, які шэсьць гадоў таму быў асуджаны ў Беларусі ў «справе Regnum».
Тады трое журналістаў расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum, у тым ліку Шыпценка, былі прызнаныя вінаватымі ў распальваньні нацыянальнай нянавісьці і варожасьці. Прычынай стаў шэраг іх публікацыяў на расейскіх рэсурсах. Суд прыгаварыў іх да пяці гадоў калёніі з адтэрмінаваньнем прысуду на тры гады.
Шыпценка на судзе заявіў, што «калі трэба сесьці ў турму за „Русский мир“», ён з радасьцю гэта зробіць. Аднак Шыпценка працягвае рэгулярна публікавацца ў расейскіх СМІ і на прапагандысцкіх рэсурсах, а значыць, ён застаецца на волі.
Акрамя рэсурсу «За союзное государство Беларуси и России», у рэестар «экстрэмісцкіх» суд у той жа дзень унёс больш за 20 каналаў, групаў і старонак у розных сацыяльных сетках, у тым ліку супольнасьць у «Одноклассниках» «Я-ПАТРЫЕТ. I хачу размаўляць на роднай мове!!!», суполку ў Фэйсбуку «Народная парлямэнцкая партыя Рэспублікі Беларусь», суполку «Ўкантакце» «Свабода АRT ǀ Беларусь» і іншыя.
Форум