Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлетнім ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру стала арганізацыя ацалелых пасьля атамных бамбаваньняў Японіі


Прадстаўніца японскай арганізацыі «Ніхон Хіданкё»
Прадстаўніца японскай арганізацыі «Ніхон Хіданкё»

Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт вырашыў прысудзіць Нобэлеўскую прэмію міру 2024 году японскай арганізацыі «Ніхон Хіданкё».

«Ніхон Хіданкё» — гэта масавы рух тых, хто перажыў атамнае бамбаваньне Хіросімы і Нагасакі, таксама вядомых як хібакуся.

Арганізацыя атрымлівае Нобэлеўскую прэмію міру за намаганьні дзеля стварэньні сьвету, свабоднага ад ядзернай зброі, і за дэманстрацыю праз паказаньні сьведак таго, што ядзерная зброя ніколі не павінна быць выкарыстаная зноў.

Ядзерныя пагрозы

Штогадовыя вучэньні NATO ў абароне тэрыторыі альянсу ад нападу з выкарыстаньнем ядзернай зброі пад назвай Steadfast Noon («Устойлівы поўдзень») пачнуцца 14 кастрычніка.

Як паведаміла выданьне dw.com, генэральны сакратар NATO Марк Рутэ абвясьціў 10 кастрычніка ў Лёндане, што ў вучэньнях задзейнічаюць больш за 60 самалётаў.

Сёлетнія вучэньні пачнуцца празь некалькі тыдняў пасьля таго, як Уладзімір Пуцін абвясьціў аб зьменах у ядзернай дактрыне Расеі, што назіральнікі ў значнай ступені расцанілі як яшчэ адну спробу падарваць падтрымку Ўкраіны заходнімі саюзьнікамі, у тым ліку дазвол на нанясенне ўдараў у глыб Расеі.

Сярод іншага, у канцы верасьня Пуцін заявіў, што напад на Расею з боку любой бязьядзернай дзяржавы пры падтрымцы ядзернай дзяржавы будзе разглядацца як іх сумесная атака і можа выклікаць ядзерны адказ Масквы.

Верагодна, гэтая пагроза «істотна зьнізіла парог магчымага выкарыстаньня ядзернага арсэналу Расеі», адзначае агенцтва Associated Press. Аднак ніякіх рэальных зьменаў у ядзернай пазыцыі Масквы NATO пакуль не назірае, дадае агенцтва.

У прыватнасьці, пры ўступленьні на пасаду 1 кастрычніка Рутэ адзначыў, што няма доказаў якой-небудзь непасрэднай пагрозы выкарыстаньня ядзернай зброі, нягледзячы на «неабдуманую і безадказную» ядзерную рыторыку Пуціна.

Гаворачы аб сваім ядзерным арсенале, Рутэ адзначыў, што Пуцін «хоча, каб мы абмяркоўвалі і яго ядзерны арсэнал, і я думаю, што мы не павінны гэтага рабіць», цытуе АР.

Раней Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка заяўлялі, што перавялі ў Беларусь расейскую тактычную зброю.

Летась ляўрэаткай прэміі стала зьняволеная праваабаронца Наргес Мухамадзі з Ірану.

У 2022 годзе прэмію атрымалі зьняволены беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, расейская праваабарончая група «Мемориал» і ўкраінская праваабарончая арганізацыя «Центр громадянських свобод».

Прэмія міру — адзіная з Нобэлеўскіх прэмій, якая ўручаецца ў Осла, а не ў Стакгольме. За гэты тыдзень былі абвешчаныя прэміі ў мэдыцыне, фізыцы, хіміі і літаратуры. Ляўрэатаў прэміі ў эканоміцы абвесьцяць у панядзелак.

Каму дасталіся іншыя прэміі

Прэмію ў мэдыцыне ў панядзелак атрымалі Віктар Амброс і Гэры Раўкун, іх узнагародзілі за адкрыцьцё драбнюткіх кавалачкаў генэтычнага матэрыялу, якія служаць спалучальнікамі ўнутры клетак і дапамагаюць кантраляваць працэсы ў клетках арганізму. Калі навукоўцы змогуць лепш зразумець, як яны працуюць і як імі маніпуляваць, гэта можа прывесьці да стварэньня магутных мэтадаў лячэньня такіх захворваньняў, як рак.

У аўторак прэмію ў фізыцы прысудзілі Джону Гопфілду з Прынстанскага ўнівэрсытэту (ЗША) і Джэфры Гінтану з Унівэрсытэту Таронта (Канада). «За асноватворныя дасьледаваньні і вынаходзтвы, якія ўключалі машыннае навучаньне з дапамогай штучных нэўронавых сетак». Гопфілд стварыў асацыятыўную памяць, якая можа захоўваць і аднаўляць выявы і іншыя тыпы дадзеных. Гінтан вынайшаў мэтад, які можа аўтаномна знаходзіць уласьцівасьці ў дадзеных і выконваць такія задачы, як ідэнтыфікацыя канкрэтных элемэнтаў на фатаграфіях.

У сераду ўручылі прэмію ў хіміі. Яе атрымалі Дэйвід Бэйкер (вашынгтонскі ўнівэрсытэт у Сіетле, ЗША) і супрацоўнікі Google Deepmind Дэміс Хасабіс і Джон Джампэр. У 2003 годзе Бэйкер распрацаваў новы бялок, і з таго часу ягоная дасьледчая група стварала адно за адным бялковыя ўтварэньні, у тым ліку бялкі, якія можна выкарыстоўваць у фармацэўтычных прэпаратах, вакцынах, нанаматэрыялах і малюсенькіх датчыках, паведаміў Нобэлеўскі камітэт. Хасабіс і Джампэр стварылі мадэль штучнага інтэлекту, якая змагла прадказаць структуру практычна ўсіх 200 мільёнаў бялкоў, якія ідэнтыфікавалі дасьледнікі.

10 кастрычніка ў Швэцыі назвалі ўладальніка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры 2024 году. Узнагароду атрымала карэйская пісьменьніца Хан Ган за раман «Вэгетарыянка», у якім рашэньне жанчыны перастаць есьці мяса мела разбуральныя наступствы.

Хан Ган першая прадстаўніца Карэі, якая стала набэлянткай.

  • Ляўрэатаў запрашаюць атрымаць узнагароды на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля. Прэстыжная прэмія міру ўручаецца ў Осла, згодна зь ягоным жаданьнем, а іншыя цырымоніі ўзнагароджаньня праходзіць у Стакгольме.
  • Прэмія прадугледжвае грашовую ўзнагароду ў памеры 11 мільёнаў швэдзкіх кронаў (1 мільён даляраў) са спадчыны стваральніка прэміі, швэдзкага вынаходніка Альфрэда Нобэля. Яна прысуджалася 117 разоў. Ляўрэатаў запрашаюць атрымаць узнагароды на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля.
  • Сярод грамадзян Беларусі ёсьць двое нобэлеўскіх ляўрэатаў: Сьвятлана Алексіевіч (прэмія ў літаратуры 2015 году) і Алесь Бяляцкі (прэмія міру 2022 году).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG