Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У NATO абвясьцілі аб пачатку штогадовых ядзерных вучэньняў у Эўропе


Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ 1 кастрычніка 2024 году, фота AFP
Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ 1 кастрычніка 2024 году, фота AFP

У часе вучэньняў Steadfast Noon адпрацоўваецца дастаўка ядзернай зброі ЗША з падземных сховішчаў да самалётаў і яе ўсталяваньне. Манэўры адбудуцца над Паўночным морам — у паветранай прасторы Вялікай Брытаніі, Бэльгіі і Нідэрляндаў.

Штогадовыя вучэньні NATO па абароне тэрыторыі альянсу ад нападу з выкарыстаньнем ядзернай зброі пад назвай Steadfast Noon («Устойлівы поўдзень») пачнуцца 14 кастрычніка.

Як паведаміла выданьне dw.com, генэральны сакратар NATO Марк Рутэ абвясьціў 10 кастрычніка ў Лёндане, што ў вучэньнях задзейнічаюць больш за 60 самалётаў.

«У нестабільным сьвеце надзвычай важна, каб мы правяралі і ўмацоўвалі наша абарону, каб праціўнікі ведалі, што [альянс] NATO гатовы і здольны адказаць на любую пагрозу», — сказаў Марк Рутэ.

У той жа час у альянсе падкрэсьлілі, што вучэньні Steadfast Noon не зьяўляюцца рэакцыяй на агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны.

Вучэньні праводзяць без сапраўднай ядзернай зброі

Падрабязнасьці вучэньняў пакуль не паведамляюць.

Вайсковыя экспэрты адзначаюць, што ў часе гэтых штогадовых вучэньняў адпрацоўваюць бясьпечную дастаўку ядзернай зброі зь месцаў захоўваньня да самалётаў і ўсталяваньня для прымяненьня. Аднак навучальныя палёты праводзяцца без выкарыстаньня сапраўднай зброі, паведаміла агенцтва DPA.

Праграма NATO ў супольным выкарыстаньні ядзернай зброі прадугледжвае, што амэрыканскай ядзернай зброяй, разьмешчанай у Эўропе, у надзвычайных сытуацыях могуць атакаваць аб’екты праціўніка з самалётаў краін-партнэраў. Мяркуецца, што сама зброя захоўваецца на поўначы Італіі, у Турэччыне, Бэльгіі, Нідэрляндах, а таксама на базе Бюхель у Нямеччыне.

Ядзерныя пагрозы

Сёлетнія вучэньні пачнуцца празь некалькі тыдняў пасьля таго, як Уладзімір Пуцін абвясьціў аб зьменах у ядзернай дактрыне Расеі, што назіральнікі ў значнай ступені расцанілі як яшчэ адну спробу падарваць падтрымку Ўкраіны заходнімі саюзьнікамі, у тым ліку дазвол на нанясенне ўдараў у глыб Расеі.

Сярод іншага, у канцы верасьня Пуцін заявіў, што напад на Расею з боку любой бязьядзернай дзяржавы пры падтрымцы ядзернай дзяржавы будзе разглядацца як іх сумесная атака і можа выклікаць ядзерны адказ Масквы.

Верагодна, гэтая пагроза «істотна зьнізіла парог магчымага выкарыстаньня ядзернага арсэналу Расеі», адзначае агенцтва Associated Press. Аднак ніякіх рэальных зьменаў у ядзернай пазыцыі Масквы NATO пакуль не назірае, дадае агенцтва.

У прыватнасьці, пры ўступленьні на пасаду 1 кастрычніка Рутэ адзначыў, што няма доказаў якой-небудзь непасрэднай пагрозы выкарыстаньня ядзернай зброі, нягледзячы на «неабдуманую і безадказную» ядзерную рыторыку Пуціна.

Гаворачы аб сваім ядзерным арсенале, Рутэ адзначыў, што Пуцін «хоча, каб мы абмяркоўвалі і яго ядзерны арсэнал, і я думаю, што мы не павінны гэтага рабіць», цытуе АР.

Раней Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка заяўлялі, што перавялі ў Беларусь расейскую тактычную зброю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG