Літоўская мытня затрымала 100 тысяч пачкаў беларускіх цыгарэт, знойдзеных у адмыслова зробленай схованцы ўсярэдзіне модульных будынкаў, што везьлі транзытам зь Беларусі ў Латвію.
Як адзначае ў паведамленьні мытня Літвы, цыгарэты знайшлі ўва ўсіх унутраных сьценах будынкаў, а таксама ў столі і падлозе.
Цыгарэты пачалі ўмантоўваць ў будынкі на этапе збору каркасаў, а потым усе паверхні апрацавалі адмысловым ізаляцыйным матэрыялам з пракладкай, каб немагчыма было іх выявіць пры дапамозе рэнтгену.
Агулам выявілі 99 760 пачкаў цыгарэт, кошт якіх з абавязковымі падаткамі перавышае 447 тысяч эўра.
Цяпер часткі разабраных будынкаў захоўваюцца на літоўскай мытні. Іх далейшы лёс, а гэта можа быць як продаж, так і зьнішчэньне, вызначыць суд.
Падазроны груз выявілі 15 верасьня на пункце пропуску ў Салечніках (зь беларускага боку пункт Беняконі).
Сёньня стала вядома, што ўвечары 9 кастрычніка ў цэнтры Вільні каля гандлёвага цэнтру CUP прызямліўся чарговы мэтэазонд са скрынкай цыгарэт. У той жа вечар паліцыя атрымала яшчэ два паведамленьні аб мэтэазондах у Шырвінцкім раёне і ў яшчэ адным раёне Вільні — яны прызямліліся ў дварах прыватных дамоў. Ад Вільні да мяжы Беларусі адлегласьць 35 кілямэтраў.
Незадоўга да гэтага прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс паведаміў, што сёлета зафіксавалі 600 мэтэазондаў з кантрабандай, зь якіх больш як 70 перанялі літоўскія памежнікі.
Сёлета ў верасьні зафіксавалі 250 мэтэзондаў з кантрабандай, у той час як у верасьні 2023 году такіх выпадкаў было толькі тры, а перад тым — увогуле ніводнага.
Форум