Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі і закрыцьцё няўрадавых арганізацый нэгатыўна ўплываюць на экалёгію Беларусі, — дасьледаваньне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У апошнія гады Беларусь страчвае пазыцыі ў глябальных экалягічных рэйтынгах, да гэтага вядуць санкцыйны ціск і масавае закрыцьцё ў краіне няўрадавых арганізацыяў.

Такая выснова зьмяшчаецца ў дасьледаваньні цэнтру BEROC «Экалягічная пэрспэктыва ўстойлівага разьвіцьця Беларусі». Праводзячы дасьледаваньне, аўтары аналізавалі тры вядомыя міжнародныя індэксы: індэкс мэтаў устойлівага разьвіцьця (SDG Index), індэкс эфэктыўнасьці барацьбы са зьмяненьнем клімату (CCPI) і індэкс экалягічнай эфэктыўнасьці (EPI).

Беларусь, зазначаюць экспэрты, «традыцыйна дабівалася адносна добрых вынікаў у галіне ўстойлівага разьвіцьця», аднак у апошнія некалькі гадоў прагрэс «застапарыўся і нават часткова павярнуўся назад». Асаблівым фактарам гэтай стагнацыі зьяўляецца экалёгія, заўважаюць дасьледнікі.

У пэрыяд з 2000 па 2020 год паказчыкі Беларусі ў індэксе мэтаў устойлівага разьвіцьця значна палепшыліся на 8,31 бала, аднак потым пачалося тармажэньне і нават зьніжэньне. У 2020 годзе Беларусь займала 23-е месца (з больш як 160 краін) у рэйтынгу, але ў 2023-м апусьцілася на 30-е, што зьяўляецца самым нізкім паказчыкам з 2001 году, гаворыцца ў дасьледаваньні.

Паводле ацэнак экспэртаў, Беларусь стагнуе ў мэтах устойлівага разьвіцьця, зьвязаных з навакольным асяродзьдзем: «Даступная і чыстая энэргія», «Адказнае спажываньне і вытворчасьць» і «Дзеяньні ў галіне клімату». Падзеньне ў гэтых індэксах, на думку аўтараў, «адлюстроўвае асноўныя праблемы Беларусі, уключаючы празьмерную залежнасьць ад выкапнёвага паліва», «недастатковую ўвагу да аднаўляльных крыніц энэргіі», «неэфектыўнае кіраваньне адходамі і выкідамі», «нізкі прыярытэт пытаньняў зьмены клімату ў эканамічнай і сацыяльнай» палітыцы краіны, «высокую вугляродаёмістасьць эканомікі і нізкія амбіцыі ў адносінах да скарачэньня выкідаў».

Зьніжэньне паказчыкаў зафіксавана і ў індэксе эфэктыўнасьці барацьбы са зьмяненьнем клімату: у 2024 годзе Беларусь паказала горшыя вынікі, чым у сярэднім па ўсходнеэўрапейскіх краінах, якія ўваходзяць у склад Эўразьвязу (іх сярэдні бал CCPI склаў 55,43).

У рэйтынгу EPI (індэкс экалягічнай эфэктыўнасьці) Беларусь у 2016 годзе займала 35-е месца (сярод 180 краін), у 2020-м — 49-е, у 2022-м — 55-е.

Спэцыялісты BEROC адзначаюць, што «з прычыны эканамічных і палітычных узрушэньняў пытаньні экалёгіі адышлі для дзяржавы на другі плян».

У дасьледаваньні таксама падкрэсьліваюцца нэгатыўныя наступствы санкцыяў, уведзеных у адказ «на шырока аспрэчаную дакладнасьць вынікаў выбараў 2020 году» і ўдзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны. З прычыны санкцыяў, удакладняюць аўтары, было прыпынена фінансаваньне шэрагу праектаў па павышэньні энэргаэфэктыўнасьці і іншых «зялёных» ініцыятываў у Беларусі.

«Хаця гэта і не было іх асноўнай мэтай, санкцыі прывялі да прыпыненьня „зялёных“ праектаў і ініцыятываў, якія падтрымліваюць міжнародныя арганізацыі, такія як Сусьветны банк і іншыя праграмы ААН, Эўразьвяз і Эўрапэйскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, МВФ і г.д., а таксама міжнародных інвэстыцыяў у Беларусь», — гаворыцца ў публікацыі.

Палітычны крызіс прывёў да выхаду Беларусі з Орхускай канвэнцыі ў 2022 годзе, што «павялічыла верагоднасьць судовага перасьледу за экалягічную актыўнасьць, тым самым падарваўшы ўдзел грамадзянскай супольнасьці ў прыняцьці рашэньняў і практычнай дзейнасьці ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя», адзначаецца ў дасьледаваньні.

Яшчэ адным нэгатыўным наступствам называецца «масавая відавочная ліквідацыя экалягічных НДА ў краіне», што «нэгатыўна адбілася на ўцягнутасьці грамадзянскай супольнасьці ў вырашэньне экалягічных праблем у Беларусі».

Экспэрты лічаць, што Беларусі для забесьпячэньня ўстойлівага разьвіцьця «трэба засяродзіцца на пашырэньні выкарыстаньня аднаўляльных крыніц энэргіі» і «дывэрсыфікацыі энэргазабесьпячэньня», неабходна «стымуляваць дасьледаваньні ў галіне „зялёных“ тэхналёгіяў» і «заахвочваць супрацоўніцтва дзяржавы і прыватнага сэктару ў галіне экалягічных ініцыятываў», «супрацоўнічаць з экалягічнымі НДА і актыўна прыцягваць беларускае грамадзтва да прыняцьця рашэньняў і рэалізацыі ініцыятываў у галіне ўстойлівага разьвіцьця».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG