У 2024 годзе ў беларускай частцы Белавескай пушчы зубразнаўцы налічылі 690 зуброў — гэта на 40 асобін менш, чым летась (тады іх было 730).
Для параўнаньня: у польскай частцы Белавескай пушчы на пачатак 2024 году налічылі 892 зубры, на 63 больш, чым летась (829).
Прычыны зьніжэньня папуляцыі ў адміністрацыі нацыянальнага парку «Белавеская пушча» не камэнтуюць. У паведамленьні гаворыцца, што колькасьць зуброў у Белавескай пушчы цяпер нават большая за аптымальную:
«Аптымальная колькасьць зуброў, рэкамэндаваная для беларускай часткі Белавескай пушчы, складае каля 350-400 асобінаў», — паведамляе прэс-служба нацыянальнага парку.
Летась у нацпарку нарадзіліся 64 зубраняці. Цяпер усяго ў Белавескай пушчы 111 дарослых самцоў (старэйшых за 3,5 года), 354 дарослыя самкі і 161 асобіна — маладняк 1,5-3,5 года.
Беларусь зьяўляецца краінай з найбольшай колькасьцю зуброў у сьвеце. Так, на канец 2022 году ў Беларусі было 2688 зуброў.
Зубр у Беларусі занесены ў Чырвоную кнігу, знаходзіцца пад асаблівай аховай з 1946 году, аднак з 2005 году Аляксандар Лукашэнка дазволіў паляваньне на зубра ў шэрагу выпадкаў: гаворка пра старых жывёлаў, хворых і народжаных з адхіленьнямі.
Цяпер у Беларусі рыхтуюць новае выданьне Чырвонай кнігі. Для некаторых відаў жывёлаў, у тым ліку для эўрапейскага зубра, прапануюць панізіць узровень аховы, паведамляў міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэй Худык.
Былы міністар МУС, а цяпер кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч настойвае, што зубра, а таксама рысь і барсука трэба выключыць з Чырвонай кнігі.
«Паколькі зубрам цяпер нішто не пагражае, канфіскоўваць іх можна ўжо не адзінкамі, а дзясяткамі, як мы лічым, зыходзячы з колькасьці, дынамікі папаўненьня статку», — казаў раней Шуневіч.
Паляўнічых падтрымліваюць у Міністэрстве лясной гаспадаркі, у Мінпрыроды з гэтым ня згодныя.
За 2023 год у Беларусі забілі рэкордную колькасьць паляўнічых дзікіх зьвяроў. Колькасьць зуброў, прызначаных для паляваньня (так званы рэзэрвовы генафонд), у 2023 годзе склала 116 асобінаў, тады як 10 гадоў таму на іх не палявалі зусім. У 2023 годзе здабылі 52 галавы зубра, у 2022-м — 61. Гэта рэкордныя лічбы за ўсю сучасную гісторыю.
Форум