Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды»: Ці зайздросьцяць Лукашэнку чальцы клюбу СНД? Тлумачэньне экспэрта Ніжнікава


Рыгор Ніжнікаў, каляж
Рыгор Ніжнікаў, каляж

Ці зайздросьцяць Лукашэнку калегі па СНД? Хто, акрамя яго, гатовы падтрымліваць Расею? Чаму прэм’ер Армэніі, нягледзячы на свае папярэднія заявы, сеў за адзін стол з Лукашэнкам?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае экспэрт Фінскага інстытуту міжнародных справаў Рыгор Ніжнікаў.

— Перад пасяджэньнем СНД журналісты папрасілі Лукашэнку пракамэнтаваць зьмены, унесеныя ў расейскую ядзерную дактрыну. Ён заявіў, што пры неабходнасьці ўжываньня такой зброі ён бы папярэдне пракансультаваўся з прэзыдэнтам Расеі. На пытаньне, дзе пралягае «чырвоная лінія» ужываньня ядзернай зброі, Лукашэнка адказаў — «дзяржаўная мяжа».

Днямі ўкраінскі дэпутат Алег Дунда заявіў, што ўкраінскаму войску варта было б увайсьці на тэрыторыю Беларусі. Калі б гэта адбылося, Лукашэнка націснуў бы на чырвоную кнопку?

— Не, не націсьнуў бы. Што б ён ні казаў, я ня думаю, што ён можа прыняць такое рашэньне. І ня думаю, што там ёсьць «дзьве кнопкі». Калі б было так, тады б і на Захадзе трактавалі Беларусь як ядзерную краіну. Расея кантралюе сваю ядзерную зброю, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Яна і будзе прымаць рашэньне пра выкарыстаньне. Як яна будзе кансультавацца з Лукашэнкам, калі вырашыць ужыць ядзерную зброю, разьмешчаную на тэрыторыі Беларусі — гэта пытаньне насамрэч другаснае. Вырашаць будзе Пуцін.

Як ён будзе вырашаць — сказаць складана. Паводле новай рэдакцыі ядзернай дактрыны РФ, нават атака дронамі можа стаць падставай для ўжываньня Масквой ядзернай зброі. Дроны ўвесь час атакуюць расейскія стратэгічныя аб’екты. Але Расея ў адказ ядзерную зброю не ўжывае. Так што складана сказаць, дзе насамрэч пралягае расейская «чырвоная лінія». І гэта, хутчэй за ўсё, — рэальная пагроза рэжыму Пуціна.

— Лукашэнка сёньня сказаў: «Калі нехта перасякае нашую дзяржаўную мяжу, мы будзем усё рабіць для ўжываньня ўсёй зброі, якая ёсьць у Беларусі». Днямі экс-прэзыдэнт Расеі, намесьнік сакратара Рады бясьпекі РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў пракамэнтаваў прапанову ўкраінскага дэпутата Дунды прыкладна гэтак жа, як Лукашэнка сёньня: калі УСУ нанясуць удар па Беларусі, Беларусь зможа адказаць ядзернай зброяй. Яны абодва блефуюць ці хлусяць?

— Я мяркую, што абодва хлусяць. Хоць ня выключаны сцэнар, што Расея ўжыве ядзерную зброю, але зробіць выгляд, што гэта Лукашэнка ўжыў ці што ён папрасіў ужыць расейскую ядзерную зброю, каб абараніць свой сувэрэнітэт. Сама па сабе такая апэрацыя УСУ мне бачыцца неймавернай. Але калі дапусьціць яе магчымасьць, то Лукашэнка можа ўжыць у адказ любую зброю, акрамя ядзернай. Пра ядзерную прымаць рашэньне будзе ня ён.

— Паведамляецца, што напярэдадні пасяджэньня саміту Лукашэнка калоў дровы. Напрошваецца жарт: калоў ці ламаў? Але калі і наламаў, дык хіба ў адносінах з Армэніяй. Але Нікол Пашыньян гэтым разам прыехаў на саміт СНД. Ці канфлікт у яго толькі з Лукашэнкам, а ня з Пуціным?

— Я думаю, што Армэнія ня ў той сытуацыі, у якой яна можа адмаўляць Маскве. Нават калі мы ведаем, што Расея паспрыяла паразе Армэніі ў вайне за Карабах. Таксама ў Ерэване ведаюць, што Масква ў прынцыпе супраць Пашыньяна. Але паўтару: Армэнія ня ў той сытуацыі, каб адмовіць Пуціну. Хоць яна і шукае геапалітычныя выхады з гэтай сытуацыі. Таму Пашыньяну і даводзіцца сядзець у Крамлі за адным сталом з Лукашэнкам. У Лукашэнкі пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе адносіны сапсаваліся з усімі краінамі СНД, акрамя Расеі. Але праз тое, што немагчыма сказаць Расеі «не», шмат каму даводзіцца адносіны з Лукашэнкам усё роўна падтрымліваць.

Пра стасункі Лукашэнкі з Пуціным і з кіраўнікамі іншых лідэраў дзяржаваў СНД, пра лёс Садружнасьці і ролю Кітаю на постсавецкай просторы глядзіце відэа гутаркі з Рыгорам Ніжнікавым:

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG