«[У такой сітуацыі] у Аляксандра Рыгоравіча будзе поўная падстава зьвярнуцца да Расеі для выкарыстаньня разьмешчанай у Беларусі ТЯЗ. І яму складана будзе адмовіць у задавальненьні паглядзець на агеньчыкі ў Кіеве», — заявіў Мядзьведзеў. Пра гэта піша «Позірк».
Такім чынам ён адрэагаваў на словы дэпутата Вярхоўнай рады Украіны ад кіроўнай партыі «Слуга народа» Алега Дунды, які 6 кастрычніка на 13-м «Форуме свабоднай Расеі» ў Вільні заявіў пра неабходнасьць «перанесьці вайну ў Беларусь».
«Я глыбока ўпэўнены [ў гэтым]. Зайшоўшы адносна невялікім падразьдзяленьнем у Беларусь, беларускае войска складзе сваю зброю. Гэта нават ня ўпэўненасьць, гэта веданьне. Я б так сказаў. А гэта вялікі ўдар пад дых Маскве», — перадае словы дэпутата «Белсат».
Дунда мяркуе, што тым самым можна паказаць Расеі, што яна не кантралюе Беларусь. «Яна не гатовая абараняць гэтыя тэрыторыі», — сказаў парлямэнтар.
Масква «пакідае за сабой права» ўжыць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі, заявіў Уладзімір Пуцін на пасяджэньні Савета бясьпекі РФ 25 верасьня.
15 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «ў выпадку агрэсіі ў дачыненьні да Беларусі, Расея ўводзіць свае падразьдзяленьні ў Беларусь».
30 чэрвеня начальнік Генэральнага штаба — першы намесьнік міністра абароны Павел Муравейка заявіў, што Беларусь разглядае «вяртаньне <...> нестратэгічнай ядзернай зброі як стрымліваючы фактар».
Форум