Камэнтуючы словы расейскага прапагандыста пра «некаторыя заклікі гарачых галоваў ва Ўкраіне» да ваеннага ўварваньня ў Беларусь перад пачаткам пасяджэньня савету кіраўнікоў дзяржаваў — удзельніц СНД Аляксандар Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што ва Ўкраіне не разглядаюць магчымасьці ўводу ўкраінскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі, паведамляе яго прэс-служба.
«Ну няхай паспрабуюць [увайсьці на тэрыторыю Беларусі. — РС]. Мы іх чакаем. Але я вам павінен сказаць, што ў Беларусі, калі нехта, як я кажу, прабачце, і вякае, то гэта людзі, якія абсалютна не прымаюць ніякіх рашэньняў. (...)
Ніхто з сур’ёзных людзей, нават на ўзроўні прэзыдэнта Зяленскага, ня думае пра тое, што трэба зайсьці ў Беларусь. Гэта галаўны боль, вельмі сур’ёзны, які прывядзе да краху наагул у ваенных адносінах кіеўскія ўлады», — сказаў Лукашэнка і дадаў, што ў Беларусі наконт гэтага «абсалютна спакойныя».
Таксама Лукашэнка заявіў, што «падтрымлівае пэўныя кантакты з украінскімі ўладамі», адзначыўшы, што хоць яны і мінімальныя, гэтыя «каналы сувязі» дапамагаюць абменьваць ваеннапалонных паміж Расеяй і Ўкраінай, а таксама «падтрымліваць кантакты на гуманітарным узроўні».
«Гэта нармальныя кантакты. Мы тут разам працуем з расейцамі. Таму зь любога боку, з любых пазыцыяў улезьці ў Беларусь вось такім чынам — 1,5 тысячы кілямэтраў мяжа — украінцам гэта дакладна ня трэба», — сказаў ён.
Таксама ў размове з журналістамі Лукашэнка пракамэнтаваў зьмены, унесеныя нядаўна ў ядзерную дактрыну Расеі. Расейская ядзерная дактрына цяпер прадугледжвае магчымасьць адказу ядзерным ударам нават у выпадку, калі супраць тэрыторыі «саюзнай дзяржавы» ўжывуць няядзерную зброю, але пры гэтым «ёсьць пагроза сувэрэнітэту». На пытаньне, дзе ў выпадку з тактычнай ядзернай зброяй для Беларусі праходзіць «чырвоная лінія», Лукашэнка адказаў:
«Мяжа дзяржаўная. Мы ўжо пра гэта сказалі выразна і дакладна. Калі нехта перасякае нашую дзяржаўную мяжу, мы будзем усё рабіць для ўжываньня ўсёй зброі, якая ёсьць у Беларусі», — заявіў Лукашэнка.
На пытаньне журналістаў аб пратаколе прыняцьця рашэньня ў выпадку, калі давядзецца ўжываць ядзерную зброю, Лукашэнка пацьвердзіў, што разьмешчаная ў Беларусі расейская тактычная ядзерная зброя можа быць ужытая толькі з дазволу Крамля.
«Слухайце, нават калі б мы, як Паўночная Карэя, мелі зброю, вырабленую і створаную ў сябе, ніколі ў жыцьці ні адна краіна не прымяніла б яе самастойна без кансультацыі з сваімі саюзьнікамі. А тым больш нам без кансультацыі з Расейскай Фэдэрацыяй, — сказаў Лукашэнка. — Калі б раптам, то, натуральна, мы б ня проста пракансультаваліся, мы б вельмі сур’ёзна правялі перамовы з прэзыдэнтам Расеі аб прымяненьні гэтай зброі».
На самім пасяджэньні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД 8 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка, сярод іншага, прапанаваў Грузіі і Малдове аднавіць свой удзел у дзейнасьці СНД, а Ўкраіну заклікаў «абдумацца».
«Было б вельмі добра, калі б у нашу сям’ю вярнулася Грузія, аднавіла свой паўнафарматны ўдзел Малдова, абдумаліся ўлады Ўкраіны, у аднаўленьні нармальнага жыцьця якой нам давядзецца ўдзельнічаць. Я абсалютна ўпэўнены, што так будзе. Проста гэта пытаньне часу», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
- 5 кастрычніка дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны ад кіроўнай партыі «Слуга народу» Алег Дунда на 13-м «Форуме свабоднай Расеі» ў Вільні заявіў пра неабходнасьць «перанесьці вайну ў Беларусь». «Абсалютна важна перанесьці вайну ня толькі на тэрыторыю Бранскай, Курскай вобласьці, але і ў Беларусь. Я глыбока ўпэўнены, зайшоўшы адносна невялікімі падразьдзеламі ў Беларусь, беларускае войска складзе сваю зброю. (...) А гэта вялікі ўдар пад дых Маскве», — заявіў дэпутат.
- 25 верасьня на пасяджэньні Савету бясьпекі Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Масква «пакідае за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Расеі і Беларусі як удзельніцы саюзнай дзяржавы». «У тым ліку калі супернік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму сувэрэнітэту», — дадаў Пуцін.
Форум