Апарат Вярхоўнай Рады Ўкраіны накіраваў усім дэпутатам рэкамэндацыі аб выкарыстаньні мэсэнджара Telegram пасьля ўвядзеньня адпаведнай забароны Радай нацыянальнай бясьпекі і абароны.
«Гэта датычыць менавіта супрацоўнікаў апарату Рады і не абмяжоўвае выкарыстаньне мэсэнджара ў асабістых мэтах», — паведаміў народны дэпутат Украіны Яраслаў Юрчышын на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яго, забаронена ўсталёўваць і карыстацца Telegram на службовых кампутарах або на асабістых кампутарах, якія выкарыстоўваюцца ў службовай дзейнасьці.
«Блякаваньне работы мэсэнджара адбываецца пры дапамозе тэхнічных і праграмных сродкаў, праводзіцца фіксаваньне запытаў на несанкцыянаваныя спробы падключэньня», — паведаміў дэпутат.
Апроч таго, рэкамэндуецца абавязкова ўсталяваць двухфактарную аўтарызацыю і скасаваць сынхранізацыю кантактаў. Сярод іншых абмежаваньняў — забарона перадачы праз Telegram зьвестак, якія выкарыстоўваюцца ў працы, а таксама службовая камунікацыя.
«Мяркую, такія захады бясьпекі цалкам лягічныя. На жаль, ужо былі прыклады, калі староньнія асобы атрымлівалі зьвесткі дзяржаўных працаўнікоў праз Telegram, якім карысталіся на працоўных прыладах. Або стваралі фэйкі, як у выпадку зь нібыта каналам Руслана Стэфанчука (сьпікер Вярхоўнай Рады. — РС). Гэтым распараджэньнем мы мінімізуем рызыкі», — перакананы Яраслаў Юрчышын.
20 верасьня стала вядома, што Нацыянальны каардынацыйны цэнтар кібэрбясьпекі (ключавы ва Ўкраіне орган каардынацыі і кантролю ў сфэры кібэрбясьпекі. — РС) забараніў усталёўваць і выкарыстоўваць Telegram на службовых прыладах супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай улады, вайскоўцаў, супрацоўнікаў сэктару бясьпекі і абароны, а таксама прадпрыемстваў – апэратараў крытычнай інфраструктуры. Аднак ніякіх дэталяў з гэтай нагоды не публікавалі.
Форум