Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастака-акцыяніста Аляксея Кузьміча перавялі пад хатні арышт


Аляксей Кузьміч, архіўнае фота
Аляксей Кузьміч, архіўнае фота

Беларускага мастака-акцыяніста Аляксея Кузьміча перавялі з дэпартацыйнага цэнтру ў Парыжы пад хатні арышт. Пра гэта сам мастак распавёў выданьню «Медиазона».

Аляксею Кузьмічу забаранілі пакідаць Парыж, кожны дзень ён мусіць адзначацца ў паліцыі. Ён усё яшчэ застаецца абвінавачаным паводле крымінальнай справы за «вандалізм у дачыненьні помніка архітэктуры, які зьяўляецца культурнай спадчынай Францыі».

Паводле акцыяніста, суд над ім павінен адбыцца 27 лютага 2025 году.

23 верасьня акцыяніста Аляксея Кузьміча, вядомага сваімі палітычнымі пэрформансамі, арыштавала француская паліцыя. Прычынай стала чарговая акцыя Кузьміча. 20 верасьня 2024 году ад пэрформансу мастака-акцыяніста пацярпела знакамітая Вандомская калёна ў Парыжы, якую беларус ператварыў у вялікі фаляс. Акцыю мастак назваў Insemination («Асемяненьне»).

  • Раней, 29 ліпеня, Аляксей Кузьміч зладзіў акцыю ў Францыі на магіле Вінсэнта ван Гога ў 139-ю гадавіну з дня сьмерці славутага мастака. Ён апрануў белы гарнітур, нанёс на твар белы грым, прыйшоў на могілкі з рыдлёўкай і пачаў раскопваць магілу ван Гога. Кузьміч назваў сваю акцыю Renaissance і абгрунтаваў яе тым, што «невыносна жыць у сьвеце, дзе скончыліся мастакі».
  • 2 жніўня суд Пантуаза (прыгарад Парыжу) пастанавіў дэпартаваць Кузьміча ў Беларусь. Таксама яго аштрафавалі на 3 тыс. эўра і прыгаварылі да месяца ўмоўнага зьняволеньня. 6 жніўня суд пакінуў Кузьміча ў СІЗА на 26 дзён. Мастак заявіў, што яго ўтрыманьне пад вартай не абгрунтаванае, што ягоныя правы парушаюцца, і абвясьціў галадоўку.
  • 14 жніўня Мэлюнскі адміністрацыйны суд ануляваў рашэньне аб дэпартацыі Аляксея Кузьміча ў Беларусь. 21 жніўня стала вядома, што Аляксей Кузьміч скончыў галадоўку ў ізалятары ў Францыі і выйшаў на волю. Улады Францыі абавязалі яго пакінуць краіну, аднак забарону на знаходжаньне ў Францыі зьнялі. Сам мастак заявіў, што ён зьлятае ў Польшчу, а пасьля вернецца ў Францыю.
  • У лютым 2024 году Кузьміч быў эвакуаваны зь Беларусі фондам салідарнасьці BySоl, пасьля таго як прыехаў у краіну ў сувязі са сьмерцю бабулі. Як мяркуецца, на яго заведзеная крымінальная справа.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG