Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: У Беларусі назіраецца рост палітычных рэпрэсій


Дэманстарцыя ў Вільні ў падтрымку зьняволенага Алеся Бяляцкага, архіўнае фота, 2023 год
Дэманстарцыя ў Вільні ў падтрымку зьняволенага Алеся Бяляцкага, архіўнае фота, 2023 год

Сытуацыю з правамі чалавека і асноўнымі свабодамі ў Беларусі вызначае «стабільна высокі ўзровень палітычна матываваных рэпрэсій». Такая выснова ўтрымліваецца ў аглядзе «Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2024 году», падрыхтаваным праваабарончым цэнтрам «Вясна».

Сярод іншага, праваабаронцы адзначаюць, што

  • стабільна высокі ўзровень палітычна матываваных рэпрэсій вызначае сытуацыю з захаваньнем правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі. Па-ранейшаму, палітычна матываваны крымінальны перасьлед застаецца актуальнай пагрозай для ўсіх, хто браў удзел у пратэстных выступах ці крытычна выказваўся наконт палітычнай сытуацыі ў краіне альбо на адрас чыноўнікаў рэжыму, падтрымліваў пратэстныя структуры;
  • зь лета 2020 году праваабарончай супольнасьцю прызнаныя палітвязьнямі 3531 чалавек, зь іх 627 жанчын. На канец верасьня 2024 году ў Беларусі ў месцах несвабоды знаходзіліся 1317 палітвязьняў, зь іх 169 жанчын, за месяц праваабарончая супольнасьць прызнала такімі 46 чалавек. Яшчэ ў адносінах да 19 былых палітвязьняў, імёны якіх раней не былі вядомыя праваабаронцам, вылучаныя патрабаваньні аб рэабілітацыі.
  • праваабаронцы: ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк і Анастасія Лойка, адвольна асуджаныя да пазбаўленьня волі, адбываюць пакараньне ў папраўчых установах;
  • па-ранейшаму некалькі палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца працяглы час у рэжыме інкамунікада: Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак, Ігар Лосік, Уладзімір Кніга, зь лютага-сакавіка 2023 году пазбаўленыя кантактаў са зьнешнім сьветам, у тым ліку ўнутры калёній. Паступаюць таксама зьвесткі пра пэрыядычную ізаляцыю іншых палітвязьняў;
  • працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзян за рэалізацыю грамадзянскіх правоў: у верасьні «Вясна» атрымала інфармацыю аб ня менш як 429 выпадках палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу, зь іх — ня менш як 176 адміністрацыйных спраў, разгледжаных судамі.

Урад Літвы 30 верасьня афіцыйна перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў. Злачынствы ўчыненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краінаў — удзельніц Рымскага статуту, таму патэнцыйна падлягаюць юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), гаворыцца ў заяве на сайце Міністэрства юстыцыі Літвы.

Злачынствы былі ўчыненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краінаў — удзельніц Рымскага статуту, таму патэнцыйна падлягаюць юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), гаворыцца ў заяве на сайце Міністэрства юстыцыі Літвы.

У звароце ў МКС урад Літвы адзначыў, што «ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 траўня 2020 году і дагэтуль супраць цывільнага насельніцтва Беларусі на загад высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і вайсковых чыноўнікаў зьдзяйсьняюцца злачынствы супраць чалавечнасьці».

Сярод злачынстваў, якія з траўня 2020 году Аляксандар Лукашэнка зьдзяйсьняў пры дапамозе чыноўнікаў, вайскоўцаў, сілавікоў, прадстаўнікоў судовай сыстэмы і інш., у дакумэнце пералічваюць пазбаўленьне мірных грамадзян асноўных правоў, адвольныя затрыманьні і судовы перасьлед, гвалт сілавікоў, катаваньні, незаконныя забойствы, бесчалавечнае і зьневажальнае абыходжаньне з затрыманымі, запалохваньне і перасьлед, прымусовая праца і інш.

У заяве адзначаецца, што рэжым Лукашэнкі «гвалтоўна перасяліў сотні тысяч жыхароў Беларусі на тэрыторыю суседняй Літвы і іншых дзяржаў-удзельніц, уключаючы тыя, якія суседнічаюць зь Беларусьсю, без падставаў, дазволеных міжнародным правам» (гаворка, пэўна, пра беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму праз пагрозу палітычнага перасьледу. — Рэд.). Мэта гэтых дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі, як мяркуюць улады Літвы, заключаецца ў тым, каб «пазбавіцца любымі сродкамі ад усіх крытыкаў і апанэнтаў», а таксама «ўмацаваць аўтарытарную ўладу».

У сукупнасьці гэтыя дзеяньні «зьяўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасьці трох розных тыпаў: незаконная дэпартацыя, перасьлед і іншыя бесчалавечныя дзеяньні, і, магчыма, іншыя зьвязаныя зь імі злачынствы», гаворыцца ў заяве.

Міжнародны крымінаоьны суд прыняў пазоў Літвы да разгляду, ставарыў адпаведныя структуры і прызначыў адпаведных адказных пракурораў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG