Міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў заявіў аб «вялікай ракетнай праграме».
«Мы канцэнтруемся апошнім часам на ракетнай і дронавай праграмах. У далейшым або да канца гэтага году вы шмат пачуеце пра вялікую ракетную праграму. Мы ўжо пачалі працаваць над балістычнымі ракетамі», — сказаў Рустэм Умераў на Міжнародным форуме абаронных індустрый, які на гэтым тыдні прайшоў у Кіеве.
Як паведаміў тэлеканал «Настоящее время», перад гэтым прэзыдэнт Зяленскі заяўляў, што Ўкраіна ўжо стварыла ўласную балістычную ракету.
Улады Ўкраіны і вайскоўцы трымаюць у сакрэце інфармацыю пра яе. Але тое, што гэтае ўзбраеньне можа паўплываць на баявыя дзеяньні, прызнаюць і экспэрты, і вэтэраны вайны.
«Калі нам удасца наладзіць [іх] вытворчасьць у вялікай колькасьці, калі гэта будзе сотнямі, тады, я мяркую, гэта ня зьменіць ход вайны на 100%, але вельмі моцна паўплывае на нашыя магчымасьці на лініі фронту ў пазытыўным сэнсе», — патлумачыў украінскі вайсковы экспэрт Аляксей Гэцьман.
Украіна плянавала стварыць сваю балістычную ракету яшчэ з часоў абвяшчэньня незалежнасьці і адмовы ад ядзернай зброі. Тады крылатыя ракеты аддалі Расеі. Апэратыўна-тактычны комплекс «Точка У», які дагэтуль знаходзіцца на ўзбраеньні, не пасаваў, бо ягоная далёкасьць толькі да 120 кілямэтраў.
Праз эканамічныя праблемы распрацоўваць ракету пачалі толькі ў 2006 годзе пры актыўнай падтрымцы тагачаснага прэзыдэнта Віктара Юшчанкі. Комплексам «Сапсан» занялося канструктарскае бюро «Паўднёвае». Экспэрты мяркуюць, што менавіта пра гэтую ракету і казаў Зяленскі. У экспартнай вэрсіі для Саудаўскай Арабіі яе называюць «Гром-2». У Міністэрстве абароны Расеі яшчэ год таму сьцьвярджалі, што такую ракету яны зьбілі. Аднак пацьверджаньня гэтаму няма.
«Гэтая ракета — аналяг расейскага „Искандера“. Аналяг у тым сэнсе, што гэта таксама балістычная апэратыўна-тактычная ракета. Вось і ўся аналёгія, бо закладзеныя прынцыпы — зусім іншыя. Але канструкцыйна гэта тая ж ракета невялікай далёкасьці зь цьвердапаліўным рухавіком», — патлумачыў украінскі авіяэкспэрт Валерый Раманенка. Ён запэўнівае, што, адрозна ад расейскага «Искандера», украінскі «Сапсан» мусіў мець палепшаныя сыстэмы навядзеньня, дзякуючы чаму падвышаецца дакладнасьць і зьмяншаецца расход ракет.
«На канцавым адрэзку ў яе была радыёлякацыйная сыстэма высокадакладнага навядзеньня з радарам даўжынёй хвалі тры мілімэтры, г. зн. яна дазваляла наводзіць ракету на аб’ект з дакладнасьцю да двух мэтраў», — дадаў экспэрт.
Тэрміны распрацоўкі «Сапсана» некалькі разоў адкладалі. А за прэзыдэнцтвам Віктара Януковіча (2010–2014) работу над новым комплексам увогуле нечакана спынілі. Фінансаваць праект адмовіліся, калі міністрам абароны быў Паўло Лебедзеў, які цяпер у вышуку за дзяржаўную здраду і, паводле ўкраінскіх сьледчых, хаваецца ў анэксаваным Расеяй Крыме.
«Расея ўсяляк перашкаджала нам у ракетнай праграме, бо добра разумела, наколькі будзе небясьпечна для іх, калі мы будзем узброеныя дальнабойнай зброяй», — сказаў вайсковы экспэрт Аляксей Гэцьман.
У 2016 годзе стала вядома аб адраджэньні праекту, а праз два гады пускавую ўстаноўку паказалі на вайсковым парадзе на Храшчаціку. У лютым 2021 году тагачасны міністар абароны Ўкраіны Андрэй Таран заявіў, што «Сапсан» гатовы на 80% і «неабходна зрабіць апошні крок» — дарабіць першы ўзор гэтай зброі. Але пра гэты апошні крок заявіў Зяленскі толькі праз тры з паловай гады.
«Прэзыдэнт казаў, што ракета ўжо ў комплексе, як яе выпрабоўвалі, а асобныя кампанэнты прайшлі выпрабаваньні яшчэ раней. І вядома, што ФСБ мела агента ў КБ „Паўднёвае“, які ім паведаміў, што ў пачатку 2022 году работы над праектам аднавілі ў паскораным рэжыме. І лётныя выпрабаваньні патрабавалі праводзіць нават раней, чым наземныя, гэта значыць без давядзеньня рухавіка на зямлі», — патлумачыў Валерый Раманенка.
Газэта The Times апублікавала мапу з пазначэньнем аб’ектаў, якія могуць паразіць брытанскія ракеты Storm Shadow на тэрыторыі Расеі, — авіябазы, нафтаперапрацоўчы завод, штаб Паўднёвай вайсковай акругі расейскай арміі. Далёкасьць брытанскай ракеты да 300 кілямэтраў. У ракеты «Сапсан», паводле вытворцаў, на 200 кілямэтраў большая. Г. зн. дасягнуць можа нават цэнтру Масквы.
«У Расеі комплексаў тыпу Patriot, здольных зьбіваць балістычныя ракеты, практычна няма. Гэта комплексы з сыстэмы абароны Масквы і, магчыма, новы расейскі комплекс С-500, які цяпер на стадыі выпрабаваньняў. То бок з стварэньнем украінскай балістычнай ракеты Расея ператвараецца ў голага караля», — мяркуе авіяцыйны экспэрт Раманенка.
Аляксей Гэцьман дадае, што калі Ўкраіна будзе мець дастаткова сваіх балістычных ракет, то ні ў кога ня трэба будзе прасіць дазволу на ўдары па тэрыторыі Расеі: «Сваімі ракетамі мы нічога не парушаем, усе вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі — нашыя законныя цэлі».
Украінскія экспэрты перакананыя, што пры пасьпяховым выкарыстаньні ўкраінскіх ракет расейская армія будзе вымушана прыбраць авіяцыю за 450 кілямэтраў ад мяжы. Перабазаваць давядзецца таксама штабы, рамонтныя падразьдзелы, склады боепрыпасаў і паліва. Усё гэта паўплывае на баяздольнасьць расейскіх войскаў.
Форум