Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязьнямі яшчэ сем чалавек. Гэтая інфармацыя ўтрымліваецца ў сумеснай заяве праваабаронцаў, апублікаванай 27 верасьня на сайце цэнтру «Вясна».
Пяць з гэтых вязьняў па выніках закрытых судовых пасяджэньняў асуджаныя на пазбаўленьне волі. Гэта Сяргей Батвіч (арт. 358-1 КК — «агентурная дзейнасьць»; тэрмін невядомы), Дзьмітрый Шлетгаўэр (арт. 358 — «шпіянаж» і 361-4 — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»; тэрмін невядомы), Сяргей Бойка (арт. 358-1), а таксама Аксана і Дзьмітры Малочкі (арт. 356 — «здрада дзяржаве»; 8 і 12 гадоў зьняволеньня адпаведна).
Яшчэ двое — Аляксей Клюшнічэнка і Сяргей Белы — цяпер пад вартай, чакаюць суду.
Клюшнічэнка абвінавачваецца па арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы), 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі), 367 (паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта) і 368 (абраза прэзыдэнта).
Беламу ставяцца ў віну злачынствы, прадугледжаныя арт. 130, 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім), 368 і 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Праваабаронцы патрабуюць перагледзець вынесеныя ў адносінах да гэтых грамадзян прысуды або меру стрыманьня, вызваліць іх; неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць рэпрэсіі.
Апроч «Вясны», заяву падпісалі «Прававая ініцыятыва», Беларускі ПЭН, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
- На 27 верасьня ў Беларусі 1329 чалавек, якіх праваабарончая супольнасьць прызнае палітвязьнямі. Рэальная колькасьць людзей, якія трапілі пад рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна большая.
Форум