Акцыю зладзілі праваабарончая арганізацыя Libereco і Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека (FIDH). У ёй узялі ўдзел каля двух дзясяткаў чалавек.
Арганізатары акцыі перадалі ў амбасаду Беларусі пэтыцыю з больш як 82 тысячамі подпісаў з 82 краінаў сьвету, якая заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Алеся Бяляцкага і яшчэ больш як 1300 беларускіх палітзьняволеных.
На мітынгу выступілі дэпутаты Эўрапарлямэнту Мары-Агнес Штрак-Цымерман, Тэйс Ройтэн і Морыц Кёрнер, калега Бяляцкага і былы палітвязень Леанід Судаленка, а таксама прадстаўнікі шэрагу праваабарончых арганізацый і прадстаўнікі беларускай дыяспары.
Сярод іншых, на акцыі выступіў прадстаўнік па міжнародным і эўрапейскім супрацоўніцтве Аб’яднанага пераходнага кабінэта Беларусі, кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі Ўладзімер Астапенка.
У камэнтары Свабодзе ён так акрэсьліў мэту акцыі:
«Дзень народзінаў Алеся Бяляцкага — нашага героя, нобэлеўскага ляўрэата — гэта нагода для таго, каб прыгадаць пра тое бязьмежжа, якое творыцца ў Беларусі ўжо чатыры гады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, узгадаць пра ўсіх палітычных вязьняў, успомніць пра тое, што мы маем вялікую салідарнасьць прагрэсіўных людзей сьвету, якія сабралі больш за 80 тысяч подпісаў з больш як 80 краінаў.
Працягваецца наша штодзённае змаганьне за вызваленьне нашых герояў, усіх тых, хто апынуўся за кратамі за свае погляды, а таксама барацьба за дэмакратычную Беларусь. Я спадзяюся, што гэта не адзіная акцыя, што гэтая барацьба працягнецца. Мы верым у посьпех гэтай справы», — сказаў Уладзімер Астапенка.
Уладзімер Астапенка адзначыў, што на мінулым тыдні эўрапейскія дэпутаты прынялі ў Эўрапейскім парлямэнце чарговую рэзалюцыю, прысьвечаную беларускім палітвязьням. Паводле Астапенкі, гэтую рэзалюцыю прынялі абсалютнай большасьцю галасоў новага складу Эўрапейскага парлямэнту, а гэта значыць, што «Эўрапейскі парлямэнт працягвае сваю прынцыповую пазыцыю ў барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасьці ў сьвеце і ў Беларусі».
«І тое, што сказалі сёньня дэпутаты, тое, што яны замацавалі ў сваёй рэзалюцыі, азначае, што гэтая барацьба будзе працягнутая да апошняга палітычнага вязьня. І ўзмацненьне ціску (на рэжым Лукашэнкі. — РС), і ўжываньне іншых каналаў — усё гэта будзе спрыяць таму, каб мы набліжаліся да нашай мэты», — дадаў Астапенка.
На думку Астапенкі, тэма палітвязьняў, правоў чалавека ў Беларусі, адказнасьці за іх сыстэмныя і масавыя парушэньні «па-ранейшаму хвалюе і эўрапейскіх палітыкаў, і эўрапейскія СМІ, і эўрапейскую грамадзкасьць».
Дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Тэйс Ройтэн ад Лейбарысцкай партыі Нідэрляндаў у камэнтары Свабодзе ацаніў сытуацыю са зьняволеньнем нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага як «жудасную», адзначыўшы, што ніхто ня ведае, што зь ім цяпер і які цяпер у яго стан здароўя.
«Ён адзін з многіх палітвязьняў, пра якіх мы ня ведаем нічога: што зь імі, ці ўсё зь імі добра, пра стан іх здароўя. Ад некаторых палітвязьняў ні мы, ні іх сем’і ня чулі нічога ўжо амаль два гады», — адзначыў дэпутат Эўрапарлямэнту.
Тэйс Ройтэн таксама згадаў прынятую ў Страсбургу рэзалюцыю па палітвязьнях і падкрэсьліў, што неабходна працягваць дамагацца вызваленьня Алеся Бяляцкага і ўсіх іншых беларускіх палітвязьняў. «Сымбаль гэтых палітвязьняў, якія знаходзяцца ў жудасных умовах, якіх катуюць, зь якіх зьдзекуюцца — гэта знак, што дыктатар (Лукашэнка. — РС) баіцца, ён ня можа жыць, чуючы галасы людзей, якія яго крытыкуюць, крытыкуюць ягоны рэжым. Таму так шмат людзей у Беларусі сёньня ў турмах. Гэта таксама стратэгія — тэрарызаваць астатніх людзей на волі, бо яны павінны разумець, што яны могуць стаць наступнымі», — адзначыў ён.
На акцыі таксама выступаў прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Леанід Судаленка. Ён чарговы раз зьвярнуў увагу на жахлівыя ўмовы ўтрыманьня Алеся Бяляцкага і іншых палітвязьняў.
Пасьля акцыі ў Місіі дэмакратычнай Беларусі адбудзецца круглы стол для абмеркаваньня бягучай сытуацыі ў Беларусі. У ім возьмуць удзел прадстаўнік па міжнародным і эўрапейскім супрацоўніцтве Аб’яднанага пераходнага кабінэта Беларусі Ўладзімер Астапенка, праваабаронца Леанід Судаленка, праваабаронца, сястра палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай Тацяна Хоміч і іншыя.
«Неадкладнага вызваленьня» Бяляцкага запатрабавалі прадстаўнікі Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту (ННК) па выніках сустрэчы зь ягонай жонкай Натальляй Пінчук.
Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на старонку арганізацыі ў Інстаграме.
Адзначаецца, што на сустрэчы Пінчук «распавяла аб цяжкім становішчы свайго мужа». «Цяпер Бяляцкі адбывае зусім неабгрунтаваны турэмны тэрмін у калёніі строгага рэжыму, дзе яго здароўе імкліва пагаршаецца з-за адмовы ў элемэнтарнай мэдычнай дапамозе», — гаворыцца ў рэлізе.
ННК асудзіў «бесчалавечныя ўмовы», у якіх утрымліваецца праваабаронца.
«Тое, што Алесь Бяляцкі адбывае пакараньне ў такіх умовах, зьяўляецца глыбокай несправядлівасьцю, якая груба парушае асноўныя правы чалавека», — заявіў кіраўнік ННК Ёрген Ватнэ Фрыднэс.
Форум