Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данецку будуць завочна судзіць яшчэ аднаго беларускага добраахвотніка


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Справу добраахвотніка палка імя Кастуся Каліноўскага, грамадзяніна Беларусі Аляксандра Думбляўскаса будзе разглядаць Вярхоўны суд так званай «ДНР». Яго завочна арыштавалі і абвясьцілі ў міжнародны вышук.

Пракуратура акупаванага Расеяй Данецку ўжо накіравала справу ў суд. На сайце ведамства паведамляецца, што 21-гадовага беларуса Аляксандра Думбляўскаса завочна абвінавачваюць па ч. 3 арт. 359 Крымінальнага кодэксу Расеі «Удзел ва ўзброеным канфлікце»).

У паведамленьні сьцьвярджаецца, што «ў пэрыяд з лютага 2022 года па ліпень 2024 году ў складзе палка імя Кастуся Каліноўскага [ён] прымаў удзел у баявых дзеяньнях на баку Ўкраіны ў розных кропках баявога судотыку ў якасьці найміта» і за гэта нібыта «атрымаў узнагароду ў памеры, эквівалентным больш за 2 млн рублёў» (каля 21,5 тыс. даляраў).

Думбляўскас, як сьцьвярджаецца, «абвешчаны ў міжнародны вышук», яго завочна арыштавалі.

Аляксандар Думбляўскас — сірата. Ён быў сябрам 17-гадовага Дзьмітрыя Стахоўскага — таксама сіраты, які ў траўні 2021 году загінуў, скінуўшыся з 16-га паверху менскага інтэрнату пасьля ціску сілавікоў.

На Думбляўскага і Стахоўскага завялі крымінальную справу па арт. 293 ч. 2 Крымінальнага кодэксу (Удзел масавых беспарадках) за ўдзел у пратэстах 2020 году. Думбляўскаса тады затрымалі і ён прасядзеў 11 месяцаў у СІЗА, а пасьля выхаду на волю быў эвакуяваны зь Беларусі.

Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне далучыўся да палка Каліноўскага, узяў пазыўны «Тунгус».

  • 17 верасьня пракуратура так званай «ДНР» таксама накіравала ў суд справу супраць 28-гадовага грамадзяніна Беларусі Яна Дзюрбейкі, які ваяваў у палку Кастуся Каліноўскага і, як мяркуецца, трапіў у расейскі палон у часе бою ля гораду Лісічанску Луганскай вобласьці 26 чэрвеня 2022 году.
  • Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году. 26 сакавіка таго ж году ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, пазьней трансфармаваўся ў полк.
  • У Беларусі па факце стварэньня палка Каліноўскага завялі крымінальную справу, ён прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». Любая дапамога палку ці нават намер дапамагчы, а таксама жаданьне ўступіць у полк жорстка перасьледуецца ўладамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG