Пракуратура акупаванага Расеяй Данецку зацьвердзіла абвінаваўчы акт у крымінальнай справе супраць 28-гадовага грамадзяніна Беларусі Яна Дзюрбейкі, які ваяваў у палку Кастуся Каліноўскага і, як мяркуецца, трапіў у расейскі палон у часе бою ля гораду Лісічанску Луганскай вобласьці 26 чэрвеня 2022 году.
Як адзначаецца ў паведамленьні Генэральнай пракуратуры Расеі, яго завочна абвінавацілі паводле ч. 3 артыкулу 359 Крымінальнага кодэксу Расеі («Удзел ва ўзброеным канфлікце»).
Паводле вэрсіі сьледзтва, зь лютага да ліпеня 2022 году Ян Дзюрбейка ваяваў на баку Ўкраіны «ў розных пунктах баявога сутыкненьня ў якасьці найміта» і за гэтыя дзеяньні «атрымаў узнагароду ў памеры, эквівалентным больш за 300 тысяч (расейскіх) рублёў».
Справу будзе разглядаць Вярхоўны суд так званай «ДНР». Яна Дзюрбейку завочна арыштавалі і абвясьцілі ў міжнародны вышук.
Яна Дзюрбейку разам зь яшчэ адным беларусам, Сяргеем Дзёгцевым, узялі ў расейскі палон у часе бою ля гораду Лісічанск Луганскай вобласьці 26 чэрвеня 2022 году. Тады група беларускіх добраахвотнікаў трапіла ў расейскую пастку. Яшчэ чатыры беларускія добраахвотнікі тады загінулі (камандзір батальёну «Волат» Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Васіль Грудовік і Вадзім Шатроў).
Неўзабаве пасьля гэтага відэазапіс зь беларускімі палоннымі зьявіўся на расейскіх z-каналах. Хлопцы сьведчылі, што трапілі ў палон. З таго бою выйшлі трое беларусаў.
Украіна ўключыла Яна Дзюрбейку і Сяргея Дзёгцева ў сьпіс для абмену яшчэ ў ліпені 2022 году. Але Расея ў сьпісы для абмену іх не ўключае.
Ніякай дэталёвай інфармацыі пра беларусаў няма. Невядома, куды іх вывезьлі пасьля таго, як узялі ў палон, — на акупаваныя тэрыторыі Луганскай і Данецкай вобласьці або ў Расею. Незразумелымі застаюцца і прычыны завочнага судовага працэсу, калі яны жывыя і па-ранейшаму знаходзяцца ў расейскім палоне.
Форум