Лібанскія ўлады заяўляюць, што ў выніку ўдараў Ізраіля па тэрыторыі краіны загінулі як сама меней 492 чалавекі, а дзясяткі тысяч пакідаюць свае дамы.
Пасьля некаторых з самых цяжкіх перастрэлак з пачатку баявых дзеяньняў у кастрычніку Ізраіль папярэдзіў людзей у Лібане пра неабходнасьць эвакуавацца з раёнаў, дзе рух «Хэзбала» нібыта захоўвае зброю, піша Reuters.
Прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу накіраваў кароткі відэазварот да лібанскага народу.
«Ізраіль вядзе вайну ня з вамі, а з „Хэзбалой“. Занадта доўга „Хэзбала“ выкарыстоўвала вас у якасьці жывога шчыта», — сказаў ён.
Сем'і з паўднёвага Лібану загружалі аўтамабілі, фургоны і грузавікі рэчамі і людзьмі.
Дарогі, што вядуць на поўнач краіны, забітыя аўтамабілямі.
«Я схапіў усе важныя дакумэнты, і мы выбраліся. Вакол нас удары. Гэта было жахліва», — сказаў Абэд Афу, які быў са сваёй сям’ёй, у тым ліку трыма сынамі ва ўзросьце ад 6 да 13 гадоў і некалькімі іншымі сваякамі. Яны сярод іншых стаялі ў заторы, які рухаўся на поўнач. Людзі ня ведалі, дзе застануцца, але проста хацелі дабрацца да Бэйруту.
Лібанскі міністар каардынацыі ў час крызісу Насэр Ясін заявіў, што ў краіне падрыхтаваныя 89 сховішчаў для людзей. Яны зьмешчаныя ў школах і іншых установах. Дзеяньні Ізраіля чыноўнік назваў «зьверствамі» і адзначыў, што ад бамбаваньняў цяпер могуць схавацца болей за 26 тысяч чалавек.
Новую эскаляцыю напружанасьці паміж Ізраілем і Лібанам асудзілі Саудаўская Арабія і ЗША.
Ізраільскія афіцыйныя асобы заявілі, што нядаўняе ўзмацненьне авіяўдараў па аб’ектах «Хэзбалы» ў Лібане заклікана прымусіць групоўку, залежную ад Ірану, пагадзіцца на дыпляматычнае рашэньне.
У панядзелак увечары Ізраіль нанёс удар па паўднёвым прыгарадзе Бэйруту, цэльлю быў высокапастаўлены лідэр «Хэзбалы» Алі Каракі, кіраўнік паўднёвага фронту. Пазьней «Хэзбала» заявіла, што ён пераехаў у бясьпечнае месца. Пры гэтым ХАМАС заявіў, што яго палявы камандзір на поўдні Лібану Махмуд аль-Надэр забіты ў выніку гэтага авіяўдару.
Форум