Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль нанёс больш за 300 удараў па поўдні Лібану


Ізраільскі ўдар па поўдні Лібану, 23 верасьня 2024
Ізраільскі ўдар па поўдні Лібану, 23 верасьня 2024

Ізраіль заявіў, што сёньня, 23 верасьня, нанёс больш за трыста ўдараў па аб’ектах радыкальнай групоўкі «Хэзбала» на поўдні Лібану.

Міністэрства аховы здароўя Лібану паведаміла, што ў выніку атак загінулі каля 100 чалавек, сотні параненыя. З паведамленьня не зразумела, колькі загінулых былі чальцамі «Хэзбалы», а колькі — цывільнымі жыхарамі.

Атака стала самай масаванай з кастрычніку 2023 году, калі ўсьлед за пачаткам баявых дзеяньняў у сэктары Газа абвастрылася і сытуацыя на ізраільска-лібанскай мяжы. У панядзелак Ізраіль упершыню заклікаў жыхароў паўднёвага Лібану эвакуавацца з дамоў і іншых будынкаў, дзе, паводле ізраільскіх зьвестак, захоўваецца зброя. Ізраіль папярэдзіў, што вайскоўцы будуць наносіць «маштабныя ўдары» па групоўцы.

Ніякіх прыкмет эвакуацыі не было, піша Associated Press, мяркуючы, што лібанцы могуць ня ведаць, што жывуць у дамах, дзе, паводле ізраільскіх зьвестак, захоўваецца зброя «Хэзбалы».

У той час, калі Ізраіль наносіў удары па поўдні Лібану, на поўначы Ізраілю гучала трывога, бо зь лібанскага боку паляцелі ракеты. На поўначы Ізраілю раненьні ў выніку абстрэлу атрымаў адзін чалавек.

Раней у нядзелю, 22 верасьня, «Хэзбала» выпусьціла па Ізраілі каля 150 ракет у адказ на ягоныя атакі ў папярэднія дні, падчас якіх загінулі дзясяткі баевікоў і вышэйшыя камандзіры групоўкі. Ад абстрэлаў, як і ад выбухаў прыладаў сувязі, у арганізацыі якіх падазраюць Ізраіль, таксама загінулі жанчыны і дзеці, паведамляла Міністэрства аховы здароўя Лібану.

«Хэзбала» мае значны ўплыў у Лібане, які мяжуе з Ізраілем на поўначы. Групоўка, якая карыстаецца падтрымкай Ірану, выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу на яго палестынскай групоўкі ХАМАС у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуаваныя з памежных раёнаў з абодвух бакоў.

Цяперашні канфлікт паміж Ізраілем і «Хэзбалой» — самы сур’ёзны з часоў другой лібанскай вайны 2006 году, адзначае агенцтва Reuters.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG