Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбуйнейшая апазыцыйная партыя Нямеччыны зацьвердзіла кандыдата на пасаду канцлера


Фрыдрых Мэрц.
Фрыдрых Мэрц.

Лідэр Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу (CDU) Фрыдрых Мэрц афіцыйна стаў кандыдатам на пасаду канцлера Нямеччыны ад апазыцыйнага блёку CDU/CSU. Кіраўніцтва абедзьвюх партый пацьвердзіла рашэньне, прынятае на мінулым тыдні старшынямі CDU і Хрысьціянска-сацыяльнага зьвязу.

Пра гэта паведамляе DW.

Найбуйнейшая апазыцыйная сіла Нямеччыны — кансэрватыўны блёк Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу (CDU) і баварскага Хрысьціянска-сацыяльнага зьвязу (CSU) афіцыйна зацьвердзіла Фрыдрыха Мэрца сваім кандыдатам на пасаду канцлера Нямеччыны на выбарах у бундэстаг у 2025 годзе. 23 верасьня кандыдатуру Мэрца, які з 2022 года старшынюе ў CDU, аднагалосна ўхвалілі кіроўныя органы яго партыі — прэзыдыюм і выканаўчая рада на фэдэральным узроўні.

Раней у той самы дзень вылучэньне кіраўніка CDU таксама аднагалосна падтрымала кіраўніцтва партнэрскай партыі CSU. Пры гэтым афіцыйная ўхвала зьяўлялася фармальнасьцю, бо кіраўніцтва кансэрватыўнага блёку дамовілася аб лідэры ў ягоным выбарчым сьпісе яшчэ на мінулым тыдні.

Кіраўнік CSU безумоўна падтрымаў Мэрца

Пра гэта было абвешчана пасьля сустрэчы Мэрца і кіраўніка CSU, прэм’ер-міністра Баварыі Маркуса Зёдэра ў Бэрліне 17 верасьня. «Пытаньне кандыдатуры канцлера вырашанае. Гэта будзе Фрыдрых Мэрц. Мяне гэта задавальняе, і я адкрыта гэта падтрымліваю», — заявіў Зёдэр. Раней не выключалася, што і баварскі палітык можа балятавацца на пасаду канцлера ад нямецкіх кансэрватараў. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ў кансэрватараў ёсьць агульная мэта — прыйсьці на зьмену цяперашняй кіроўнай кааліцыі і «вярнуць Нямеччыну на правільны шлях». Сам Зёдэр мае намер па-ранейшаму займаць пасады старшыні CSU і прэм’ер-міністра Баварыі.

Перад папярэднімі выбарамі ў бундэстаг у 2021 годзе Зёдэр прайграў барацьбу за вылучэньне кандыдатам у канцлеры тагачаснаму лідэру CDU Арміну Ляшэту. Потым падчас выбарчай кампаніі, у якой кансэрватары ў выніку пацярпелі паразу, ён неаднаразова крытыкаваў Ляшэта. Цяпер Зёдэр заявіў, што безумоўна падтрымлівае кандыдата ад CDU.

Блёк CDU/CSU — фаварыты будучых выбараў у бундэстаг

Апазыцыйны блёк CDU/CSU застаецца самай папулярнай у Нямеччыне палітычнай сілай. Праведзенае ў пачатку верасьня апытаньне паказала, што калі б выбары ў бундэстаг адбыліся ў наступную нядзелю, то ўсе тры кіроўныя партыі ня мелі б шанцаў застацца ва ўладзе. За сацыял-дэмакратаў прагаласавалі б 15%, за «зялёных» — 11%, за лібэралаў з FDP — 4%. Разам у суме — 30%.

Між тым апазыцыйны блёк хрысьціянскіх партыяў CDU/CSU​ ​ гатовыя падтрымаць 33% выбарнікаў. Гэта максымальны паказчык з сакавіка 2021 году. Наступныя выбары ў бундэстаг Нямеччыны намечаныя на 28 верасьня 2025 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG