Два сэнатары ад Савету Рэспублікі возьмуць удзел у саміце Future Summit, які пройдзе 22-23 верасьня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Гэта намесьнік старшыні Савету Рэспублікі Сяргей Хаменка і старшыня Пастаяннай камісіі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Сяргей Алейнік.
Тэлеканал СТВ паведаміў, што «Для Менску гэта яшчэ адна магчымасьць данесьці да міжнароднай супольнасьці інфармацыю пра рэальную сытуацыю ў Беларусі». Хаменка на саміце будзе прадстаўляць «дасягненьні Беларусі ў галіне ўстойлівага разьвіцьця». Паводле тэлеканалу, на сустрэчу Беларусь запрасіў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, які яшчэ вясной накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку.
Сёньня ж візыт у ЗША для ўдзелу ў генэральнай Асамблеі ААН пачынае лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская. «Гэта магчымасьць вярнуць Беларусь у міжнародны парадак дня», — патлумачыла яна. У яе заплянаваны шэраг двухбаковых сустрэчаў і закрытыя перамовы. Разам з прадстаўнікамі Эўразьвязу яны правядуць слуханьні аб палітвязьнях, абмяркуюць спосабы іх вызваленьня.
У Жэнэве 23 верасьня Рада правоў чалавека ААН абмяркуе сытуацыю ў Беларусі. Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека прадставіць «прамежкавую вусную інфармацыю» аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі перад выбарамі 2020 году і пасьля іх.
На мерапрыемстве заплянаваны выступ Сьвятланы Ціханоўскай у фармаце відэаканфэрэнцыі. Ён будзе таксама прысьвечаны тэме беларускіх палітвязьняў.
- Дзьве дэлегацыі ад Беларусі — ад афіцыйнага Менску і ад дэмакратычных сілаў — адначасова прыяжджаюць у ААН ужо трэці раз. Лукашэнка падобныя форумы наведваў у 1995, 2000, 2005 і 2015 гадах.
Форум