Упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Беларусі Аляксандар Румак заявіў, што ўсе рэлігійныя арганізацыі павінны да 5 ліпеня 2025 году падаць дакумэнты для перарэгістрацыі.
«Рэлігійныя арганізацыі павінны падаць дакумэнты для перарэгістрацыі не пазьней за 5 ліпеня 2025 году. Рэлігійныя арганізацыі атрымалі такі тэрмін — адзін год», — працытавала Аляксандра Румака дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Неабходнасьць перарэгістрацыі абумоўленая ўхваленьнем у канцы 2023 году зьменаў у законы аб дзейнасьці рэлігійных арганізацый.
Да 1 студзеня 2026 году органы рэгістрацыі (упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам) павінны ўнесьці зьвесткі ў Адзіны дзяржаўны рэгістар юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.
«Разьвіваецца наша краіна, разьвіваюцца грамадзкія дачыненьні ў краіне. Рэлігійныя арганізацыі зьяўляюцца важнай часткай грамадзянскай супольнасьці. У храмы ходзяць людзі, якія працуюць, лечаць людзей, вучаць дзяцей. Такім чынам, царква і дзяржава ня могуць існаваць адна без другой, паколькі вырашаюць адзіную задачу — каб наша краіна паступова разьвівалася, на нашай зямлі былі мір і згода, і каб кожны чалавек адчуваў сябе часткай беларускага народу, нашага грамадзтва», — патлумачыў ён.
Аляксандар Румак дадаў, што працэдуру перарэгістрацыі праходзяць усе юрыдычныя асобы, раней яе прайшлі грамадзкія аб’яднаньні, палітычныя партыі, таму нечага экстраардынарнага ў гэтай працы няма. Ён адзначыў, што «прыйшоў час зьверыць гадзіньнікі».
Згодна з інфармацыяй, апублікаванай на сайце Ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Беларусі, у Беларусі зарэгістравана 25 рэлігійных канфэсій і кірункаў. На 1 студзеня 2024 году агульная колькасьць рэлігійных арганізацый складала 3592 (уключна з 173 арганізацыямі, якія маюць агульнаканфэсійнае значэньне — рэлігійныя аб’яднаньні, манастыры, місіі, брацтвы, сястрынствы, духоўныя навучальныя ўстановы) і 3419 рэлігійных грамад.
У 2020 годзе шэраг хрысьціянскіх сьвятароў выказаліся супраць гвалту сілавікоў і фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Некаторыя выходзілі разам з усімі на мірныя акцыі пратэсту. Пасьля 2020 году дзясяткі хрысьціянскіх сьвятароў прайшлі праз затрыманьні і арышты.
Цяпер за кратамі праваслаўны сьвятар Сяргей Разановіч, які праходзіў па «справе Аўтуховіча», каталіцкі ксёндз Генадзь Акалатовіч, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве», каталіцкі манах Анджэй Юхневіч, якому далі агулам 55 дзён адміністрацыйнага арышту. Таксама за кратамі некалькі пратэстанцкіх прапаведнікаў.
Летась у Беларусі зьліквідавалі пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё», прыстасаваны для набажэнстваў будынак зьнесьлі. У 2022 годзе пасьля дробнага пажару закрылі Чырвоны касьцёл у Менску.
Што папярэднічала
Пасьля перарэгістрацыі з 15 палітычных партый у Беларусі засталіся толькі чатыры партыі (усе — праўладныя): Камуністычная партыя Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыя, «Белая Русь» і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці.
Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за пэрыяд пасьля жніўня 2020 году і да канца чэрвеня 2024-га ў Беларусі ліквідавалі сама меней 1696 некамэрцыйных арганізацыяў (НКА) — абʼяднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных установаў і асацыяцыяў.
Паводле стану на 30 чэрвеня 2024 году 1061 некамэрцыйная арганізацыя Беларусі знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ 635 НКА самастойна прынялі рашэньне аб ліквідацыі (паводле праваабаронцаў, такія рашэньні прымаюцца перш за ўсё з прычыны ціску на сябраў і супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя і агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне).
Форум