Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні суд прызнаў грамадзяніна Літвы вінаватым у шпіянажы на карысьць КДБ Беларусі. ФОТА


Мантас Данелюс
Мантас Данелюс

Мантаса Данелюса асудзілі на 9 гадоў турмы.

20 верасьня Віленскі акруговы суд вынес вырак юрысту Мантасу Данелюсу, які з 2022 году зьбіраў інфармацыю для беларускіх спэцслужбаў, у асноўным пра актывістаў, якія жывуць у Літве, і перадаваў зьвесткі прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай.

Як паведамляе delfi.lt, Данелюс у судзе заявіў пра Ксенію Лебедзеву: «У справе няма ясных зьвестак, што яна кадравы афіцэр КДБ».

Мантас Данелюс падчас прысуду
Мантас Данелюс падчас прысуду

У справе ёсьць зьвесткі, што Данелюс, выконваючы заданьне Лебедзевай, у жніўні 2022 г. у Вільні сустракаўся з былым ваяром полку Каліноўскага Віктарам Савічам і пераканаў таго, што інфармацыя пра полк цікавіць амбасаду ЗША. Запісаўшы размову з Савічам, Данелюс пераслаў яе Лебедзевай праз Telegram.

Віленскі акруговы суд так і ня змог апытаць Савіча, бо летась у кастрычніку 34-гадовы Савіч загінуў у ДТЗ у Грыгораве (Грыгішках), яго зьбіла машына.

Судзьдзя падчас прысуду ў Вільні.
Судзьдзя падчас прысуду ў Вільні.

Мантаса Данелюса затрымалі ў Літве 28 верасьня 2022 году пры спробе ўцячы ў Беларусь.

Данелюса прызналі вінаватым ня толькі ў шпіянажы, а і ў спробах уплываць на сьведак — калі яго вызвалілі з-пад арышту да суду, ён напісаў аднаму зь іх, што «вострыць сякеру». Пасьля гэтага літоўца зноў арыштавалі.

Абвінавачаньне прыйшло да высновы, што беларуская прапагандыстка Ксенія Лебедзева інструктавала Данелюса, якую інфармацыю зьбіраць: яе найбольш цікавілі беларускія арганізацыі ў Літве, людзі, якія ўцякалі зь Беларусі ад перасьледу і якія дапамагалі ім уцякаць, шляхі іх эвакуацыі, вучэньні добраахвотнікаў палка імя Каліноўскага, іх узбраеньне і ланцугі паставак.

Мантас Данелюс
Мантас Данелюс

Данелюс змог увайсьці ў давер да беларускіх арганізацыяў і прапаноўваў ім юрыдычную дапамогу, але ягоныя пытаньні пачалі выклікаць падазрэньні.

Раней у апошнім слове літовец папрасіў суд апраўдаць яго і зьвярнуў увагу пракурора на паказаньні некаторых сьведак, якія ён назваў лжывымі. Данелюс таксама заявіў, што не пагражаў сьведку, а выказаў незадавальненьне пазыцыяй беларускіх актывістаў.

Пракурор запатрабаваў асудзіць Данелюса на 11 гадоў пазбаўленьня волі. Судовы разгляд справы адбываўся за зачыненымі дзьвярыма, але прысуд быў адкрыты.

Раней Данелюса судзілі па падазрэньні ў фальсыфікацыі дакумэнтаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG