Натарыюс Менскай гарадзкой натарыяльнай палаты выдаў некалькі даверанасьцяў беларусам, якія знаходзяцца за мяжой, бязь іх асабістай прысутнасьці. У выніку іх анулявалі, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.
Паводле Генпракуратуры, натарыюс выдаў даверанасьці з парушэньнем закону «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасьці» і інструкцыі Міністэрства юстыцыі: «У адсутнасьць давернікаў і без устанаўленьня іх асобы, дзеяздольнасьці і волевыяўленьня».
Колькі менавіта даверанасьцяў выдалі такім чынам, Генпракуратура не ўдакладняе.
Пасьля праверкі выдадзеныя даверанасьці анулявалі праз суды — адпаведныя пазовы падала пракуратура Менску.
Рашэньні судоў пакуль не набылі законнай моцы і могуць быць абскарджаныя.
Раней беларусы, які жывуць за мяжой, маглі аформіць у беларускім консульстве даверанасьць на шэраг дзеяньняў у Беларусі. У верасьні 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога цяпер усё гэта трэба рабіць асабіста ў Беларусі ці паводле даверанасьці, аформленай у Беларусі.
Поўны сьпіс працэдур, якія цяпер нельга зрабіць па даверанасці, зробленай па-за межамі Беларусі:
- прыняцьце рашэньня аб дазволе адчужэньня жылога памяшканьня, долі (доляў) у праве ўласнасьці на яго, набытых з выкарыстаньнем сродкаў сямейнага капіталу, да заканчэньня 5 гадоў з дня рэгістрацыі права ўласнасьці;
- прыняцьце рашэньня аб прызначэньні сямейнага капіталу;
- прыняцьце рашэньня аб датэрміновым выкарыстаньні сродкаў сямейнага капіталу;
- прыняцьце рашэньня аб выкарыстаньні сродкаў сямейнага капіталу пасьля 18 гадоў з дня нараджэньня дзіцяці, у сувязі са зьяўленьнем якога быў прызначаны сямейны капітал;
- выдача паўторнага пасьведчаньня аб рэгістрацыі акту грамадзянскага стану, за выключэньнем выдачы паўторнага пасьведчаньня аб сьмерці;
- выдача даведак, якія замяшчаюць зьвесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану (аб запісе акту грамадзянскага стану, аб адсутнасьці запісу акту аб заключэньні шлюбу) і паведамленьняў аб адсутнасьці запісу акту грамадзянскага стану, за выключэньнем даведак, якія зьмяшчаюць зьвесткі з запісаў актаў аб сьмерці;
- выдача дублікатаў дакумэнта аб адукацыі, дадатку да яго, дакумэнта аб навучаньні; • рэгістрацыя па месцы жыхарства (па месцы знаходжаньня) грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь;
- выдача пропуску на права пазачарговага ўезду на тэрыторыю памежных пунктаў пропуску;
- дзяржаўная рэгістрацыя транспартных сродкаў (за выключэньнем колавых трактароў, прычэпаў, паўпрычэпаў да іх);
- зьняцьце з уліку транспартных сродкаў;
- апастыль на афіцыйным дакумэнце, складзеным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пры звароце асобы, якая знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь;
- легалізацыя афіцыйнага дакумэнта ў Рэспубліцы Беларусь;
- дзяржаўная рэгістрацыя ў адносінах да зямельных участкаў, жылога дома або ізаляванага жылога памяшканьня, капітальнага будынка, незаверанага закансэрваванага капітальнага будынка, ізаляванага памяшканьня, машына-месца, эксплюатаванага капітальнага будынка, эксплюатаванага ізаляванага памяшканьня або машына-месца.
Форум