Каля вёскі Ўза пад Гомлем у 03:21 ночы 19 верасьня загарэўся палігон бытавых адкідаў, паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сытуацый Беларусі.
Гарэлі 400 квадратных мэтраў палігону агульнай плошчай 2,5 гектара. Для ліквідацыі пажару задзейнічалі 16 адзінак тэхнікі і 37 чалавек.
«Па стане на 06:00 загараньне лякалізавалі. Пацярпелых няма. Прычына загараньня высьвятляецца», — паведамілі ў МНС.
Сьмецьцевы палігон пад Гомлем працуе з 1968 году. Пажары на ім здараліся і раней: так, папярэдні прыкметны пажар быў у чэрвені 2021-га, да гэтага — у 2018-м.
За папярэднія 24 гадзіны (з 06:00 18 верасьня да 06:00 19 верасьня) ратавальнікі зьліквідавалі 4 лясныя пажары на агульнай плошчы 0,581 га і 21 пажар травы і хмызьняку на агульнай плошчы 1,754 га. Два лясныя пажары адбыліся ў Берасьцейскай вобласьці ,па адным — у Горадзенскай і Менскай, агулам для іх ліквідацыі прыцягвалі 16 адзінак тэхнікі і 38 чалавек, зь іх 3 адзінкі тэхнікі і 6 работнікаў МНС.
Раніцай 19 верасьня МНС зноў апублікавала штармавое папярэджаньне: сёньня на большай частцы тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласьцей захаваецца надзвычайная пажарная небясьпека (5-я кляса), фактары небясьпекі — узьнікненьне пажараў у прыродных экасыстэмах, распаўсюджваньне агню на населеныя пункты, лініі ЛЭП і сувязі.
Надзвычайная пажарная небясьпека захаваецца на большай частцы тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласьцей і 20-22 верасьня (пятніца-нядзеля).
Форум