Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыі замест грошай. Як беларускія ўлады шмат гадоў прабачаюць даўгі ААТ «Івацэвічдрэў»


Дрэваапрацоўчы завод у Івацэвічах, архіўнае фота
Дрэваапрацоўчы завод у Івацэвічах, архіўнае фота

У канцы жніўня ўрад чарговы раз дапамог «Івацэвічдрэву» з крэдытамі. Расказваем, як у гэтае прадпрыемства ўліваюць грошы цягам 17 гадоў і які вынік гэта дало.

27 жніўня беларускі ўрад даў гарантыі прадпрыемству «Івацэвічдрэў» у крэдытах, узятых у «Беларусбанку» у 2010–2016 гадах. Гэта значыць, што калі само прадпрыемства грошы ня верне, іх верне ўрад.

На 1 ліпеня рэшта запазычанасьці перад банкам у прадпрыемства была роўнай 31 мільён эўра, ці 110,9 мільёна рублёў паводле актуальнага курсу. Агулам жа банк у 2010–2016 гадах выдаў «Івацэвічдрэву» 67,2 мільёна эўра.

Толькі сёлета гэта ўжо чацьвёртая спроба дапамагчы гэтаму прадпрыемству з боку дзяржавы. У 2024-м ААТ атрымала падтрымку з бюджэту на 8,98 мільёна рублёў. А ў чэрвені дзяржава вырашыла, што раней узятыя ў банку грошы ў эўра завод можа аддаваць у рублях. У лютым 2024-га ўлады пагасілі частку працэнтаў па крэдытах пяці прадпрыемстваў, пацярпелых ад санкцый. Сярод іх было і «Івацэвічдрэў». На заводзе працуе 850 чалавек.

Як заўважыла Свабода, гэтаму прадпрыемству дапамагалі за кошт бюджэтных сродкаў і ў мінулыя гады.

2020–2022: Пастаянная падтрымка

У траўні 2022 году Беларусь павялічыла сваю долю ў статутных фондах 9 прадпрыемстваў. Сярод іх таксама было ААТ «Івацэвічдрэў». Тады долю павялічылі на суму падтрымкі, аказанай прадпрыемтвам у 2021 годзе. «Івацэвічдрэву» дапамаглі на 12 мільёнаў рублёў. Фактычна гэта значыць, што замест даўгоў дзяржава ўзяла з прадпрыемства ягонымі акцыямі.

Таксама ў 2021 годзе ўлады пагасілі адсоткі па крэдытах, якія банкі выдавалі «Івацэвічдрэву».

У 2020 годзе таксама павялічвалі долю дзяржавы ў статутным фондзе «Івацэвічдрэва». Такім чынам прадпрыемства атрымала 14 мільёнаў рублёў.

Як мадэрнізавалі «Івацэвічдрэў» і чаму мянялі кіраўнікоў завода

Мадэрнізаваць галіну дрэваапрацоўкі ў Беларусі пачалі з ініцыятывы Лукашэнкі ў 2007 годзе.

Канкрэтна ў «Івацэвічдрэў» інвэставалі больш за 150 мільёнаў эўра. У лістападзе 2012 году, падчас візыту на дрэваапрацоўчы завод у Івацэвічах, Аляксандар Лукашэнка звольніў з пасады яго дырэктара Барыса Міхнюка і прызначыў «наводзіць парадак» на прадпрыемстве Ўладзімера Шульгу, які тады ўзначальваў канцэрн «Беллеспаперапрам».

У 2017 годзе прызначанага кіраўніком Уладзімера Шульгу затрымаў КДБ праз падазрэньне ў «карупцыйнай дзейнасьці». А ў 2018 годзе яму прысудзілі 5 гадоў калёніі. Паводле матэрыялаў працэсу, з 2014-га да 2017 году Ўладзімер Шульга неабгрунтавана ўключыў у схему паставак тавараў на прадпрыемства створаную для гэтых мэтаў камэрцыйную структуру.

Так выглядаюць фінансавыя «посьпехі» заводу за апошнія гады:

  • 2017 — 27,1 мільёна чыстых стратаў;
  • 2018 — 6,3 мільёна чыстых стратаў;
  • 2019 — прыбытак 3,4 мільёна рублёў;
  • 2020 — 64,6 мільёна стратаў.

Апошняя дасяжная ў агульным доступе справаздача прадпрыемства «Івацэвічдрэў» мае зьвесткі за 2021 год. Тады за год завод зарабіў 22,1 мільёна рублёў чыстага прыбытку (8,6 мільёна даляраў). Пры гэтым пазык у завода было на 751,5 мільёна рублёў. Каб іх аддаць, з такім прыбыткам спатрэбіцца 34 гады.

Дрэваапрацоўчы завод у Івацэвічах, архіўнае фота
Дрэваапрацоўчы завод у Івацэвічах, архіўнае фота

«Прадпрыемства ўжо мусіла самастойна працаваць»

Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, за такі доўгі час падтрымкі прадпрыемства мусіла «стаць на ногі».

Анастасія Лузгіна
Анастасія Лузгіна

«Пытаньне, наколькі гэтыя грошы падаткаплатнікаў эфэктыўна выкарыстоўваюцца. Калі камэрцыйнае прадпрыемства ўвесь час прагне дзяржаўнай падтрымкі, то там нешта ня так. Прадпрыемства ўжо мусіла самастойна працаваць і разьвівацца за кошт сваіх рэсурсаў. Ці прыцягваць камэрцыйныя крэдыты», — зазначае Анастасія Лузгіна.

У сакавіку 2022 году ЭЗ увёў санкцыі супраць беларускіх піламатэрыялаў, брыкетаў, фанэры і драўляных плітаў. Аднак прадпрыемствы дрэваапрацоўкі і да санкцый працавалі са стратамі, адзначае Анастасія Лузгіна:

«Зразумела, што апошнім часам завод працуе пад санкцыямі. Аднак дапамога ад дзяржавы пачалася значна раней. Завод выконвае нейкія паказьнікі, але кампанія мусіць разьвівацца з аглядкай на патрэбы рынку», — тлумачыць эканамістка.

У 2023 годзе тагачасны старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам» Міхаіл Касько казаў, што пад санкцыі трапіла 46% прадукцыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі. З 2021 году статыстыка аб замежным гандлі ў Беларусі недасяжная. Нельга пабачыць, куды Беларусь прадае прадукцыю дрэваапрацоўкі цяпер.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG