Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кіраўніка «Івацэвічдрэва» асудзілі на 5 гадоў калёніі


Дрэваапрацоўчы завод «Івацэвічдрэў», архіўнае фота
Дрэваапрацоўчы завод «Івацэвічдрэў», архіўнае фота

Суд прызнаў яго вінаватым у перавышэньні службовых паўнамоцтваў, што прывяло да цяжкіх наступстваў.

22 лістапада Берасьцейскі абласны суд пакараў былога кіраўніка «Івацэвічдрэва» Ўладзімера Шульгу 5 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Яшчэ пяць гадоў Уладзімер Шульга ня зможа займаць кіроўныя пасады, паведамляе БелТА.

Паводле матэрыялаў суду, з 2014 да 2017 году Ўладзімер Шульга неабгрунтавана ўключыў у схему паставак тавараў на прадпрыемства створаную дзеля гэтых мэтаў камэрцыйную структуру.

Кампанія-пасярэднік была падкантрольная ягонаму сыну і кампаньёну. Пры садзейнічаньні гендырэктара «Івацэвічдрэва» яны выйгравалі конкурсы на пастаўкі мэляміну і хімічных дабавак, заключалі адпаведныя кантракты і сыстэматычна атрымлівалі прыбытак. Страты прадпрыемства ацэньваюцца ў 749,6 тысячы рублёў.

Справа сына Ўладзімера Шульгі вынесеная ў асобную, бо ён цалкам кампэнсаваў страты. А сынавага кампаньёна сёньня асудзілі на чатыры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Раней Уладзімер Шульга ўзначальваў канцэрн «Беллеспаперапрам». У 2012 годзе, калі па краіне пракацілася хваля мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны са звальненьнямі і пасадкамі кіраўнікоў, Шульгу «саслалі» ў Івацэвічы.

У часе інспэкцыі «Івацэвічдрэва» Аляксандар Лукашэнка сказаў, што не дапусьціць, каб завод ператвараўся ў сьметнік. У выніку тагачаснага генэральнага дырэктара Барыса Маёрава адправілі ў адстаўку, а на ягонае месца зь Менску тэрмінова выпісалі старшыню канцэрну Шульгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG