Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Microsoft: расейскія «фабрыкі троляў» распаўсюджваюць фэйкі пра Камалу Гарыс


Віцэ-прэзыдэнтка ЗША Камала Гарыс
Віцэ-прэзыдэнтка ЗША Камала Гарыс

«Фабрыкі троляў», як лічыцца, зьвязаныя з Крамлём, распаўсюджваюць фэйкавыя відэа, накіраваныя на дыскрэдытацыю кандыдаткі на пасаду прэзыдэнта ЗША Камалы Гарыс, гаворыцца ў сьвежай справаздачы кампаніі Microsoft.

Microsoft адзначае, што расейскія тролі актывізаваліся ў канцы жніўня 2024 году — празь месяц пасьля выхаду зь перадвыбарнай гонкі цяперашняга прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна. У справаздачы згадваюцца дзьве «фабрыкі троляў», імаверна зьвязаныя з Крамлём — Storm-1516 і навейшая, Storm-1679.

Групоўка Storm-1516, паводле справаздачы Microsoft, стварыла і пашырыла два фэйкавыя відэа пра Камалу Гарыс, кожнае зь якіх сабрала мільёны праглядаў. У першым роліку, як вынікае з подпісу да яго, «прыхільнікі Гарыс нападаюць на ўдзельніка мітынгу ў падтрымку яе суперніка Дональда Трампа». У другім пастановачным роліку маладая дзяўчына сьцьвярджае, што на яе ў 2011 годзе наехала Гарыс, у выніку чаго яе паралізавала. Відэа тролі апублікавалі на сайце, які маскуецца пад СМІ, створаным усяго за некалькі дзён да публікацыі фэйкавых ролікаў.

Групоўка Storm-1679, пераключыўшыся з вытворчасьці кантэнту пра Алімпіяду ў Парыжы, таксама стварыла два фэйкавыя відэа пра палітыку Гарыс. На адным зь іх намаляваны рэклямны шчыт у Нью-Ёрку, на якім трансьлюецца фэйкавая агітацыя:

«Тысячы дзіцячых пэнісаў па ўсёй Амэрыцы чакаюць, каб іх адрэзалі. Галасуй за Гарыс! Яна абяцае бясплатную апэрацыю для зьмены полу вашых дзяцей, падабаецца вам гэта ці не. Зробім хлопчыкаў зноў дзяўчаткамі!».

Ролік за чатыры гадзіны набраў больш за сто тысяч праглядаў у сацсетцы X. У Microsoft чакаюць, што пракрамлёўскія «фабрыкі троляў» — новыя і старыя — працягнуць распаўсюджваць пастановачныя ролікі ў тым ліку з выкарыстаньнем штучнага інтэлекту напярэдадні выбараў прэзыдэнта ЗША, якія пройдуць 5 лістапада. Таксама ў справаздачы Microsoft згадваецца аналягічная дзейнасьць «фабрык троляў» у Іране і Кітаі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG