Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя завяршылі сьледзтва аб падзеньні клеці з работнікамі «Беларуськалія»


ААТ «Беларуськалій», архіўнае ілюстрацыйнае фота
ААТ «Беларуськалій», архіўнае ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт распавёў падрабязнасьці траўмаваньня работнікаў «Беларуськалія» ў лістападзе 2023 году. Па выніках сьледзтва крымінальную справу завялі на 44-гадовага майстра «Беларуськалія», паведамляе прэс-служба ведамства.

У пачатку лістапада 2023 году на тэрыторыі 2-га рудаўпраўленьня «Беларуськалія» абарвалася клець, у якой знаходзіліся пяцёра супрацоўнікаў рамонтнай брыгады электрасьлесараў. У выніку яны атрымалі траўмы.

Як распавялі сьледчым работнікі арганізацыі, днём пры апусканьні клеці з людзьмі ў шахту, адбылося яе прыпыненьне — блякаваньне аўтаматычным тормазам. Перазапусьціць мэханізм у машыніста не атрымлівалася, пра што ён паведаміў дзяжурнаму майстру. Знаходзячыся ў шахтавым ствале, ён разам з работнікамі спрабаваў вызначыць прычыну спыненьня клеці, але самастойна гэта зрабіць у яго не атрымалася.

Майстар участку не паведаміў кіраўніцтву ўздыму і дыспэтчару рудніка пра немагчымасьць ліквідаваць няспраўнасьць, а вырашыў паспрабаваць самастойна вызваліць работнікаў з клеці. Ён даў указаньне электрасьлесару і машыністу адключыць сыстэмы бясьпечнага тармажэньня і ўтрыманьня пад’ёмнай машыны, каб апусьціць мэханізм пад уласнай вагой. Працэс растарможваньня аказаўся непрадказальным — у выніку клець разам з работнікамі ўпала.

У выніку трое работнікаў атрымалі цяжкія траўмы, зьвязаныя з парушэньнем апорна-рухальнага апарата, двое — аналягічныя траўмы, але менш цяжкія.

Урон арганізацыі ацанілі ў амаль 46 тысяч рублёў, «што зьяўляецца асабліва буйным памерам», паведамілі ў СК.

Майстар участку, 44-гадовы жыхар Салігорска, не прызнаў сваёй віны і на працягу сьледзтва, паводле СК, «даваў непасьлядоўныя і супярэчлівыя паказаньні», а пасьля прад’яўленьня абвінавачаьння і зусім адмовіўся даваць паказаньні.

Яму прад’явілі абвінавачаньні паводле ч.3 арт. 426 (перавышэньне службовых паўнамоцтваў, здзейсьненае зь іншай асабістай зацікаўленасьці, якія прывялі да цяжкіх наступстваў).

Крымінальную справу перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG