Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гарадах Цэнтральнай Эўропы ўмацоўваюць берагі рэк перад новай паводкай, беларусы дапамагаюць. ФОТА


Валянтэры ўмацоўваюць берагі ракі мяхамі зь пяском. Будапешт, Вугоршчына. 17 верасьня 2024
Валянтэры ўмацоўваюць берагі ракі мяхамі зь пяском. Будапешт, Вугоршчына. 17 верасьня 2024

Салдаты і пажарныя выкарыстоўвалі мяхі зь пяском, каб умацаваць берагі рэк, а таксама дастаўлялі ежу і пітную ваду ў адрэзаныя раёны, бо наймацнейшая за апошнія гады паводка ў аўторак ахапіла вялікую частку Цэнтральнай Эўропы, забіраючы жыцьці і зьнішчаючы дамы.

У апошнія дні моцныя паводкі закранулі вялікую частку рэгіёну, у тым ліку Чэскую Рэспубліку, Славакію і Аўстрыю. Паведамлялася прыкладна пра 20 загінулых у выніку паводкі, выкліканай залевамі, але поўны маштаб стратаў пакуль невядомы. Пра пацярпелых паведамляецца ў Румыніі, Аўстрыі, Чэхіі і Польшчы, піша агенцтва AP.

У некаторых раёнах вада пачала адступаць, пакідаючы за сабой кучы сьмецьця. Пасьля паведамленьняў пра марадэрства мясцовыя ўлады і армія паабяцалі прыняць меры супраць злачынцаў. Генэрал Веслаў Кукула, начальнік Генэральнага штабу польскага войска, заявіў, што ў раёны эвакуацыі будуць накіраваныя жаўнеры з прыборамі начнога бачаньня і цеплавізарамі для падтрымкі паліцыі.

Будапэшт. 17 верасьня 2024
Будапэшт. 17 верасьня 2024

У іншых месцах людзі рыхтаваліся да горшага, у тым ліку ў двух гарадах Цэнтральнай Эўропы: Будапешце, сталіцы Вэнгрыі на рацэ Дунай, і Ўроцлаве, горадзе на паўднёвым захадзе Польшчы на рацэ Одра, вядомым сваім гатычным саборам і іншымі гістарычнымі славутасьцямі.

Вугоршчына накіравала жаўнераў для ўмацаваньня бар’ераў уздоўж Дунаю, а тысячы валянтэраў напаўнялі мяхі зь пяском у дзясятках прыбярэжных паселішчаў.

У Будапешце ўлады закрылі ніжнія набярэжныя, якія, як чакалася, будуць затопленыя. Таксама закрылі ніжную частку знакамітага вострава Маргіт.

Ва Ўроцлаве пажарныя і салдаты працавалі ўсю ноч, каб умацаваць берагі ракі мяхамі зь пяском. Дапамагалі ім і валянтэры, сярод якіх былі і беларусы, паведамляе выданьне MOST.

Уроцлаў, 17 верасьня 2024
Уроцлаў, 17 верасьня 2024

Чакалася, што пік паводкі ва Ўроцлаве прыпадзе на пятніцу, хоць некаторыя прагназавалі, што гэта адбудзецца раней. Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск сустрэўся з крызіснай групай у аўторак раніцай і паведаміў, што прагнозы сыноптыкаў супярэчлівыя.

Урад Туска раней абвясьціў рэжым стыхійнага бедзтва на поўдні Польшчы.

На поўдзень ад Уроцлава жыхары правялі ноч, ратуючы Нысу, горад з насельніцтвам 44 тысячы чалавек, пасьля таго як рака Ныса-Клодзка выйшла напярэдадні зь берагоў. Мэр Корд’ян Кольбяж паведаміў, што 2000 «жанчын, мужчын, дзяцей, пажылых людзей» выйшлі, каб выратаваць свой горад ад паводкі, утварыўшы чалавечы ланцуг і перадаючы мяхі зь пяском да берага ракі.

Уроцлаў, 17 верасьня 2024
Уроцлаў, 17 верасьня 2024

Пазьней у аўторак улады Нысы паведамілі, што цэнтар горада ўдалося выратаваць ад паводкі.

У Браціславе, сталіцы Славакіі, намесьнік мэра ў пытаньнях навакольнага асяродзьдзя Якуб Мрва заявіў, што ўзровень Дунаю дасягнуў піку і будзе паступова зьмяншацца. Паводле яго, мабільныя бар’еры выратавалі гістарычны цэнтар, але ўсё ж такі была нанесеная шкода, у тым ліку трамвайным лініям.

У Чэхіі вада пачала адступаць у двух найбольш пацярпелых паўночна-ўсходніх рэгіёнах. Урад накіраваў 2000 вайскоўцаў для дапамогі ў ліквідацыі наступстваў паводкі. Чакаецца, што страты складуць мільярды эўра.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG