Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвярамі паводак у Эўропе сталі сама меней 17 чалавек


Раён, пацярпелы ад паводкі, пасьля моцнага дажджу ў Ліпава-Лазьне, Чэхія, 15 верасьня 2024
Раён, пацярпелы ад паводкі, пасьля моцнага дажджу ў Ліпава-Лазьне, Чэхія, 15 верасьня 2024

Паводле апошніх зьвестак, сама меней 17 чалавек сталі ахвярамі наймацнейшых паводак у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, паведамляе Reuters.

У Румыніі паводка забрала жыцьці 7 чалавек за апошнія некалькі дзён. У Аўстрыі загінуў пажарны і двое мужчын ва ўзросьце 70 і 80 гадоў. Польская паліцыя паведаміла, што ў выніку паводкі ў Польшчы загінулі 4 чалавекі, а ў Чэхіі загінулі трое, паведаміў прадстаўнік паліцыі.

У Чэхіі сама меней чвэрць мільёна домаўладаньняў у мінулыя выходныя засталіся безь сьвятла. Горш за ўсё становішча на ўсходзе краіны, у Маравіі і Сілезіі. Ратавальнікі эвакуавалі частку жыхароў і свойскіх жывёлаў з гарадоў Опава, Ясенік, Крнаў і іншых. Відавочцы паведамляюць пра абваленыя дамы, адсутнасьць сувязі, недахоп пітной вады, разьбітыя машыны.

Расейская служба Радыё Свабода параўнала спадарожнікавыя здымкі чэскага горада Опава за 7 і 15 верасьня. Выявы дазваляюць убачыць, як вада распаўсюдзілася на жылы раён шматпавярховай забудовы. Частку жыхароў адсюль эвакуавалі, але многія адмовіліся пакідаць свае дамы і кватэры:

У Чэхіі застаюцца закрытымі некалькі важных аўтадарог. Захоўваюцца абмежаваньні на чыгунцы — спынены рух цягнікоў на многіх участках. Ратавальнікі зьдзейсьнілі сотні выездаў для расчысткі чыгуначных шляхоў ад паваленых дрэваў, эвакуацыі пасажыраў і дапамогі пацярпелым. Па-ранейшаму сур’ёзнай застаецца абстаноўка ў буйным прамысловым горадзе Чэхіі — Остраве: там перакрытыя дарогі, абмежаваныя чыгуначныя зносіны, піша расейская служба Радыё Свабода.

Разам з тым да вечара 16 верасьня ўлады шэрагу рэгіёнаў Чэхіі паведамілі, што ўзровень вады пайшоў на спад. Улады Прагі заявілі, што сытуацыя ў сталіцы Чэхіі стабільная, але супрацьпаводкавыя абмежаваньні захоўваюцца.

Польскі ўрад 16 верасьня аб’явіў рэжым стыхійнага бедзтва ў месцах, якія пацярпелі ад паводкі — у асноўным на мяжы з Чэхіяй на паўднёвым захадзе Польшчы. Там прарвала некалькі супрацьпаводкавых дамбаў. Таксама польскі ўрад мабілізаваў рэзэрвы ў памеры 1 млрд злотых (каля 250 млн даляраў) для аказаньня дапамогі пацярпелым ад паводкі рэгіёнам.

Крытычная сытуацыя склалася ў горадзе Глухалазы. Адным з найбольш пацярпелых гарадоў зьяўляецца Клодзка, дзе тысячы людзей засталіся без электрычнасьці і сувязі.

У Румыніі найбольш пацярпелым ад паводкі стаў Галацкі павет, разьмешчаны побач з малдаўскай мяжой. У некаторых сёлах вада дасягала вышыні да 1,5 мэтра. Сур’ёзна пашкоджана некалькі тысяч дамоў. Сотні людзей пакінулі свае дамы і перабраліся ў інтэрнаты ці часовыя лягеры.

У Аўстрыі адрэзаным ад вонкавага сьвету застаецца горад Ліліенфэльд з насельніцтвам каля 25 тысяч чалавек на рацэ Трайзэн, прытоку Дуная. Вада таксама паднялася ў Вене, дзе зачынілі некаторыя лініі мэтро. Таксама паведамляюць пра некалькі разбураных у Аўстрыі грэбляў.

Да патэнцыйнай паводкі рыхтуюцца ў Вугоршчыне. У Будапэшце берагі Дуная ўмацоўваюць мяхамі зь пяском.

Прычынай катаклізму стаў магутны цыклён «Барыс», які разьмясьціўся над Цэнтральнай Эўропай. Сярод пацярпелых краін таксама Нямеччына і Славакія. Дажджлівае надвор’е пратрымаецца, паводле прагнозаў, да аўторка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG